дэпутатаў Бэларусага Клюбу да пана Міністра Унутраных Спраў і да Міністра Зямельных Рэформаў у справе гвалтаў і бязпраўных паступкаў камэнданта паліцыі ў Жалезьніцы Наваградзкага павету.
Пасьля скасаваньня паншчыны сяляне, ня меўшыя свайго пасьцьбішча, атрымалі права карыстаньня з лясоў абшарнікаў для пасьцьбы скаціны. Пасьля таго, як беларускія землі заняла Польшча, абшарнікі стараюцца самачынна пазбавіць нашае сялянства сэрвітутавых правоў, зьмяншаючы сэрвітутавы абшар, а то і зусім недапушчаючы скаціны на сэрвітутнае пасьцьбішча. Польскія улады, як паліцыя, а таксама і Зямельныя Уряды, замест праводжаньня ў жыцьцё зямельнае рэформы, чынна дапамагаюць паном-абшарнікам у справе вырываньня ад сялян іх сэрвітутавых правоў.
Вось-жа, сяляне вёскі Крэпачы, Гародышскай воласьці, Наваградзкага павету, карысталіся ад 1863 г. сэрвітутавым пасьцьбішчам у урочышчах Вускія, Пажар, Бэндры і Залоўкі, якія знаходзяцца ў супольным уладаньні сялян і абшарнікаў Шыкавецкіх.
У часе нямецкай акупацыі немцы збудавалі пры ўвойсьцю ў Бэндры дом для станцыі, які цяпер занялі для сябе Шыкавецкія з Старынак. У далейшым збудавана там было гумно і абгародка, і гэткім спосабам адрэзана дарога сялянам да іх сэрвітутавага пасьцьбішча ў 23 дзесяціны. Калі-ж сяляне стараюцца пераганяць сваю скаціну каля абгародкі, дык Шыкавецкія намагаюцца перашкодзіць гэтаму, нацкоўваючы на пастухоў сабак сваіх і паграджаючы страляньнем.
4 чэрвеня г. г. Язэп і Мікалай Шыкавецкія і іх служба, недапушчаючы 2 пастухоў, якія вялі на пасьцьбішча коней, так моцна пабілі іх, што адзін з іх, Піліп Лабука, цяжка захварэў. 5 чэрвеня Шыкавецкія прывезьлі ў вёску Крэпачы на расправу камэнданта паліцыі з Жалезьніцы, які забараніў сялянам пасьвіць скаціну на сэрвітутным пасьцьбішчы пад пагрозай страляньня з рэвальвэру, трымаючы пры гэтым апошні ў руцэ. „Забараняецца вам пасьвіць скаціну, хоць-бы пасьцьбішча было і ваша!“—заявіў камэндант. Калі-ж вясковы солтыс пачаў быў тлумачыць камэнданту, што вёска ня можа вырачыся сваіх сэрвітутавых правоў толькі для таго, што гэтага хочацца самавольнаму пану-абшарніку, дык камэндант пачаў вымысьляць і пагражаць арыштам: „Bydło! dam wam po 5 miesięcy, posadzę was sam, jak już to uczyniłem w Rajce“ (Быдло, дам вам па 5 месяцаў, сам пасаджу вас, як зрабіў ужо гэта ў Райцы).
Апрача павыжшага брутальнага распарадкаваньня ў справах сэрвітутных з боку кіраўніка публічнага бесьпячэнства трэба дабавіць, што камэндант паліцыі ў Жалезьніцы мучыць мяйсцовую люднасьць падводамі, якіх ён вымагае, будучы ня толькі пьяным, але і цьвярозым. Паміма таго, што войт гміны Гародышча сабраў прымусовы падатак з сялян на ўтрыманьне стойкі, бязплатная рэквізіцыя падводаў практыкуецца і далей—беларускі селянін ня мае ні дня, ні начы, каб не прымушалі яго вязьці паліцыянта, вывядоўца, польскіх вучыцялёў, войта, яго жонку і інш., заводзячы гэткім спосабам новую польскую паншчыну.
Дзеля ўсяго вышэй падананага інтэрпэлянты пытаюцца ў паноў міністраў: 1) Ці маюць яны намер абараніць беларускіх сялян ад напасьцяў з боку паноў-абшарнікаў Шыкавецкіх і камэнданта паліцыі? 2) Ці маюць яны намер забясьпечыць сялянам карыстаньне іх сэрвітутным пасьцьбішчам? 3) Ці намераны яны пакараць камэнданта паліцыі за самавольныя пагрозы і распараджэньні? і 4) Ці намераны яны скасаваць новую паншчыну — дастаўленьне падводаў сялянамі на кожнае запатрабаваньне адміністрацыі?
Подпісы інтэрпелянтаў.
Варшава, 20. VI. 24 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…