Да Пана Адваката В. Абрамовіча ў Вільні.
Паважаны Пане,
З даручэньня сваіх калегаў і знаёмых, у справе арганізацыйнага сходу Польска-Беларускага Т-ва, гэтым маю гонар паведаміць Вас, што трываючая дагэтуль палітычная вайна недае магчымасьці прымаць удзел у Т-ве нат тым з беларусаў, каторыя яшчэ так нядаўна выказалі сваё шчырае жаданьне знайсьці нейкі спосаб дзеля аслабленьня і злагоджаньня таго жудаснага зьдзеку, які так плянова і няўпынна праводзіць Польская Улада адносна Беларускага грамадзянства.
Ад пачатку нашых заходаў для збліжэньня абодвух народаў, беларусы ня бачаць зьмены ў адносінах да іх ня толькі Польскае Улады, а нат' Польскага грамадзянства.
Так напрыклад: узамен таго, каб заспакоіць нашы безумоўна слушныя і неабходныя для нас прынамсі мінімальныя дамаганьні палепшаньня становішча нашых школаў, што абасноўвана нашым, як справедлівых грамадзян краю, правам і воляй народу, Урадовая Школьная Улада „прыхіляецца“ даць, як нейкую ласку, нашай Віленскай Беларускай Гімназіі матуральную Камісію ў польскай мове, ігнаруючы васьмігадовую падгатоўку вучняў пабеларуску, а Польскае грамадзянства ў асобе Віленскага Ваяводзкага К-ту „dla głodnych dzieci“ „палепшыла“ свае да нас адносіны, пазбавіўшы (ў красавіку і травені) галодных беларускіх дзяцей куска хлеба, належачага ім з гэтага К-ту.
У Вашых адносінах, Паважаныя Паны, бачым шчырае жаданьне аздаравіць гэтыя ненармальныя польска-беларускія адносіны, аднак жа апрача добрае волі і жаданьня ніякіх іншых спосабаў Вы ня маеце, тады—калі другая частка Вашага грамадзянства, рэакцыйна-шовіністычная, бадай адна ў сучасны момант маючая ўплыў на ход жыцьця ў нашым краі, як бачым, стараецца выкарыстаць перад Эўропай сам факт істнаваньня Польска-беларускага Т-ва і, муцячы апінію ўсяго сьвету, яшчэ больш пагаршае і да таго дрэннае нашае жыцьцё ў Польшчы.
Прыймаючы пад увагу ўсё вышэйшае, каб ня даць сябе выкарыстаць Вашым рэакцыянерам-шовіністам, мы лічым карысным для нашае супольнае справы ўстрымацца ад рэалізацыі нашых праектаў да часу палепшаньня агульна-палітычнага становішча ў Польшчы.
Вільня, 29. V. 1924.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…