На апошнія інтэрпэляцыі пэпэсаўца Пужака ў справе гвалтаў паліцыі пры спагоне падаткаў у павеце Чэнстахоўскім (што ўжо казаць пра нашыя „Крэсы“!) п. мін. Гюбнэр даў гэткія адказы:
Інтэрпэляцыя кажа, што войт з паліцыянтам улезьлі да хаты праз вакно. П. міністар кажа, што гэта—няпраўда, бо яны толькі… „праз адчыненае вакно забралі з ложка, што стаяла каля вакна, падушку“…
„Забралі“ праз вакно з зачыненай хаты — гэта значыць, на мове Кодэксу Карнага ўсіх часоў і народаў, папросту ўкралі. І гэтую юрыдычную мову павінен ведаць польскі міністар, які датаго быў пракурорам і пэўне многа разоў дамагаўся за гэткае „забраньне“ суровых караў… А ці-ж кража перастае быць праступкам, калі яе ўчыняе п. войт у прысутнасьці узброенага паліцыянта?…
У другім выпадку маемасьць жыхара вёскі была, як кажа інтэрпэляцыя, зрабавана ў хаце ў адсутнасьці ўласьніка.— „Няпраўда“, — адказывае пан міністар Польскай Рэспублікі: „у хаце былі двое дзяцей: адно— 13 гадоў, другое—3“…
Пэўна-ж гэтае апошняе і падпісала пратакол аб канфіскацыі…
Але яшчэ цікавей пан міністар тлумачыць тыя нязьлічаныя выпадкі пабіцьця паліцыяй жыхараў пры „адбіраньні“ маемасьці… У часе эгзэкуцыяў „пачыналася шамотаньне з паліцыянтамі, у часе чаго ня выключана, што той ці іншы жыхар мог сам пабіцца аб карабін паліцыянта“…
І вось цяпер можна быць ужо зусім пэўным, што нідзе, ніколі і ніякага біцьця паліцыяй народу ў Польшчы ня будзе! Скончана! І ўсялякія Лігі ў Француі і ў Жаневе могуць ня траціць дарма пораху… Цяпер, з лёгкае рукі самага пана міністра, кожны паліцыянт будзе ў пратаколе зусім адкрыта сьцьвярджаць, як моцна і крывава ў часе „шамотаньня“ „ўдарыўся аб яго карабін“ той ці іншы нялоўкі селянін…
І гэткаму міністру даручаецца кіраваньне „ўнутранымі справамі“ у Рэспубліцы, ад гэткага пана чакаюць абароны „бясьпечнасьці“ насяленьня, ад гэткага пана нехта спадзяецца — „паправы“ стасункаў на Крэсах, „рэарганізацыі паліцыі і адміністрацыі“ і іншых добрых рэчаў!
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…