Віленскае самакіраваньне пацьвердзіла, што новыя правілы прыёму ў школы не перашкодзяць прыняць у гімназію імя Францішка Скарыны дзяцей эмігрантаў у 2027/28 навучальным годзе. Пра гэта паведаміла Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Летуве.
У адказе, атрыманым 9 лістапада, самакіраваньне паказала, што зьмены не паўплываюць нэгатыўна на прыём у беларускую гімназію дзяцей з краінаў па-за межамі Эўразьвязу, якія маюць права на часовае ці пастаяннае пражываньне ў Летуве.
Паступаць у першыя клясы змогуць дзеці, якія зараз наведваюць пры гімназіі падрыхтоўчыя групы. Самакіраваньне таксама паведаміла, што магчымасьць вывучаць беларускую мову захаваецца.
У 2026 годзе ўлады Вільнюса зьмянілі правілы прыёму: дзяцей з краінаў па-за Эўразьвязам, якія ўпершыню ідуць у пачатковую школу, абавязалі выбіраць школы зь летувіскай мовай навучаньня. Гімназія імя Скарыны — адзіная дзяржаўная школа ў Летуве, дзе выкладаюць па-беларуску.
На пачатку году віцэ-мэр Вітаўтас Міталас унёс на разгляд савета рашэньне прымаць дзяцей новапрыбылых іншаземцаў толькі ў школы зь летувіскай мовай навучаньня, пачынаючы з пачатковай ступені. У студзені 2026 году гарадзкі савет зацьвердзіў меру, якая абавязвае дзяцей з краінаў па-за Эўразьвязам вучыцца ў школах зь летувіскай мовай навучаньня.
18 сакавіка самакіраваньне разгледзела зьмену статутаў трох школаў, якія працуюць на мовах нацыянальных меншасьцяў. У гімназіі імя Скарыны мусілі фармавацца клясы, дзе асноўнай мовай навучаньня будзе летувіская. У жніўні гарадзкі савет унёс яшчэ адныя зьмены ў парадак прыёму.
Новая рэдакцыя аднаго з пунктаў устрывожыла беларускіх бацькоў: узьніклі пытаньні, ці не ўскладніць яна паступленьне ў гімназію дзяцей бязь летувіскага грамадзянства. Асацыяцыя беларускіх бацькоў 2 кастрычніка накіравала зварот у самакіраваньне, каб высьветліць, як правілы будуць ужывацца на практыцы.
Самакіраваньне заявіла, што імкнецца забясьпечыць бесьперапынную працу гімназіі, спалучаючы інтэграцыю і навучаньне на дзяржаўнай летувіскай мове з магчымасьцю вывучаць беларускую мову і захоўваць беларускую ідэнтычнасьць. У асацыяцыі вітаюць гэтыя тлумачэньні і падзякавалі самакіраваньню за адказ. Там адзначылі важнасьць афіцыйнага пацьверджаньня для беларускіх сем'яў.
Як менавіта правілы будуць працаваць на практыцы ў наступным навучальным годзе, пакуль застаецца пытаньнем для бацькоў.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…