9 лістапада ў Менску намесьнік міністра замежных справаў Ігар Секрэта прыняў дэлегацыю нямецкіх палітыкаў і актывістаў з фэдэральнай зямлі Брандэнбург. Сустрэча адбылася ў будынку МЗС Беларусі.
Секрэта заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў нармальных адносінах зь Нямеччынай, але не любой цаной. Ён таксама сказаў: «Эўропа да гэтага часу лічыць, што ізалюе нас? Паспрачаюся. Эўропа праводзіць палітыку самаізаляцыі ад сьвету, і яе наступствы ўжо відаць, у тым ліку на вуліцах». Паводле яго слоў, супрацоўніцтва Менска з краінамі Глабальнай большасьці прыносіць пазытыўныя плады.
Па дадзеных МЗС, дэлегацыя прыехала, каб аднавіць беларуска-нямецкія кантакты. Як паведамляецца, абапірацца прапануецца на сувязі гарадоў-пабрацімаў.

Ініцыятарам паездкі выступіў дэпутат ландтагу Брандэнбургу ад партыі «Саюз сацыяльнай справядлівасьці і эканамічнай разважлівасьці» Свэн Хорнауф. У дэлегацыю ўвайшлі палітыкі розных поглядаў, у тым ліку крайне левых і крайне правых.
Адна з удзельніц, Анэлі Бёттхер, падкрэсьліла, што прыехала перадусім як прадстаўніца руху гарадоў-пабрацімаў, а не партыі. Яна сказала: «Я тут, таму што каля 30 гадоў займаюся рухам гарадоў-пабрацімаў. Лічу гэта вельмі важнай задачай. Нават нягледзячы на тое, што, можа быць, не ўсе палітыкі наверсе гэтага хочуць. Але чалавечнасьць — гэта важнае слова для нас. І таму мы тут».
Сярод гасьцей быў і Готфрыд Шпіт, дэпутат гарсавету Франкфурта-на-Одэры ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Ён пратэстанцкі сьвятар, да нядаўняга часу служыў пастарам рэфармацкай абшчыны ў Швайцарыі. Апошняе набажэнства ён правёў 10 жніўня 2025 года.
Бёттхер назвала пэрспэктыўным кірункам спорт: паводле яе слоў, раней у Нямеччыну часта прыяжджалі беларускія баксёры, а ў апошні час гэтага няма. Яе таксама цікавяць малыя прадпрыемствы, бо яны ствараюць эканамічны базыс на месцах.
Яна выказала надзею на аднаўленьне кантактаў, бо, на яе думку, «спорт, культура, музыка — па-за палітыкай і ствараюць аснову для разьвіцьця чалавечых кантактаў».
Шпіт заявіў, што Менская міжнародная канфэрэнцыя па эўразійскай бясьпецы, на яго думку, працягвае разрадку міжнароднай напружанасьці. Яго словы: «Я думаю, гэтая канфэрэнцыя — працяг разрадкі».
Шпіт спасылаецца на «міратворчыя ўзоры»: Вілі Брандта, Бруна Крайскага і Улофа Пальмэ. У інтэрвію Die Zeit ён тлумачыў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну нежаданьнем Расеі падпарадкавацца дыктату Захаду. Улетку 2025 года швайцарская Schaffhauser AZ высьветліла, што ён вёў Facebook-акаўнт пад імем нябожчыка брата. У адным з допісаў ён назваў прызначэньне Гітлера райхсканцлерам «дэмакратычным прагматызмам». Экспэрт па правым экстрэмізьме Наташа Штробль ацаніла яго публікацыі як праяву ўстойлівага праварадыкальнага сьветапогляду і рэлятывізацыю Халакосту. Шпіт прызнаў аўтарства допісаў, але адхіліў абвінавачаньні ў антысэмітызьме і экстрэмізьме і называе сябе «правым інтэлектуалам».
Пасьля скандалу Шпіт і яго абшчына дамовіліся аб датэрміновым спыненьні служэньня, а царкоўная рада кантона не стала даводзіць справу да адхіленьня ад пасады.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…