Беларускі воблачны правайдэр ActiveCloud (ТАА «Актыўныя тэхналёгіі») паведаміў, што 10 лістапада яго інфраструктура зазнала масіраванай кібэратакі. Паводле зьвестак кампаніі, атака пачалася ў 03:30.
Раніцай у аўторак не адкрываўся сайт ActiveCloud, былі недаступныя чаты, тэлефанія і сыстэма заявак. У кампаніі расказалі, што ў выніку атакі перасталі працаваць унутраныя сэрвісы ўзаемадзеяньня з кліентамі і вылічальныя магутнасьці.
Збоі закранулі воблачны хостынг E-Cloud, абароненае воблака E-Cloud Protected і паштовы сэрвіс SmartMail. Пошта працуе зь перабоямі ў Беларусі і Расеі. Перасталі адкрывацца афіцыйныя сайты самога ActiveCloud, пацярпелі і рэсурсы кліентаў, разьмешчаныя на магутнасьцях правайдэра.
На воблачных сэрвісах ActiveCloud разьмяшчаюцца многія карпаратыўныя рэсурсы, прыкладаньні і сайты. Сярод недаступных рэсурсаў — сайт Domino’s Pizza.
Кліенты не могуць зьвязацца з кампаніяй звыклымі спосабамі: недаступныя анлайн-чаты, тэлефанія і сыстэма заявак у разьдзеле «Падтрымка» асабістага кабінэта.
Тэхнічныя спэцыялісты, паводле слоў ActiveCloud, адбіваюць атаку, стабілізуюць інфраструктуру і вяртаюць сэрвісы ў штатны рэжым. Паралельна, як заявілі ў кампаніі, праводзіцца аўдыт, каб высьветліць, ці былі закрануты даныя кліентаў. Вынікі праверкі пакуль не абвешчаныя.
«Мы працуем над хутчэйшым аднаўленьнем даступнасьці каналаў аказаньня падтрымкі», — заявіла кампанія.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…