Урад Латвіі пастанавіў падоўжыць абмежаваньні на выдачу віз грамадзянам Беларусі да 31 сьнежня 2027 года. Рашэньне кабінэт падтрымаў 10 лістапада, паведамляе латвійскае выданьне Grani.lv. Ранейшыя абмежаваньні дзейнічалі да 31 сьнежня 2026 года.
Паводле паведамленьняў прыватных беларускіх выданьняў, якія працуюць у краіне, абмежаваньні на ўезд і прыём візавых заяваў падоўжаныя таксама для расейцаў. Усіх астатніх беларусаў і расейцаў латвійскія ўлады намераныя разглядаць як людзей, «якія ўяўляюць пагрозу палітычнай і ўнутранай бясьпецы».
Для большасьці беларусаў гэта значыць яшчэ год без магчымасьці падаць заяву на кароткатэрміновую шэнгенскую візу ў Латвію. Выняткі застаюцца для членаў сем'яў грамадзянаў і неграмадзянаў Латвіі, уключна з братамі і сёстрамі, а таксама для сваякоў беларусаў зь дзейным правам на пражываньне ў Латвіі. Заявы прымуць і ад членаў сем'яў грамадзянаў Эўразьвязу, Эўрапейскай эканамічнай прасторы і Швайцарыі, і ад тых, каму трэба ўехаць па гуманітарных прычынах.
Заявы на кароткатэрміновыя візы працягнуць прымаць ад работнікаў грузавых і пасажырскіх перавозак, экіпажаў грузавых і тэхнічных рэйсаў, якія прыбываюць па службовых справах, а таксама маракоў, якія накіроўваюцца на судна або вяртаюцца зь яго. Абмежаваньні не закранаюць асобныя катэгорыі супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў, іх сем'яў, дыпкур'ераў і спэцыялістаў, якія прыяжджаюць для тэхнічнага абслугоўваньня амбасад.
Беларусы па-ранейшаму могуць падаваць заявы на доўгатэрміновыя нацыянальныя візы.
У МЗС Латвіі падаўжэньне патлумачылі працягам вайны ва Ўкраіне, нестабільнай сытуацыяй у рэгіёне і неабходнасьцю забясьпечваць унутраную бясьпеку краіны. Латвійскія ўлады адзначаюць, што тэрмін дзеяньня абмежаваньняў можа быць зьменены ў залежнасьці ад сытуацыі зь бясьпекай, грамадзкім парадкам і міжнароднымі адносінамі краіны.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…