Дзяржава Бізнэс і прадпрымальніцтва

Нямецкі рытэйлер New Yorker ліквідуе беларускую кампанію, крамы прадоўжаць працу

Ліквідуецца «Нью-Йоркер БЛР», створаная ў верасьні 2018 году. Сем крамаў сеткі значацца за іншай кампаніяй — «НьюФэшн», яе адзіны заснавальнік Генадзь Кім-Глозман.

Нямецкі рытэйлер New Yorker ліквідуе беларускую кампанію, крамы прадоўжаць працу

Беларуская даччыная кампанія нямецкага рытэйлера New Yorker сыходзіць у ліквідацыю. Гаворка пра «Нью-Йоркер БЛР», якая кіравала сеткай брэнду ў краіне, паведамляюць прыватныя беларускія выданьні, што працуюць у краіне.

Афіцыйных заяваў самога New Yorker пра пляны сысьці з рынку не было.

Нягледзячы на ліквідацыю юрасобы, крамы працягнуць працу. Усяго ў краіне сем кропак сеткі: пяць у Менску і па адной у Горадні і Віцебску. У гандлёвым рэестры паводле зьвестак на 7 лістапада значацца сем крамаў брэнду. Адна зь іх адкрылася ў канцы верасьня ў гандлёвым цэнтры Avia Mall у жылым комплексе «Мінск-Мір».

Крамы ў гандлёвым рэестры значацца не за ліквідуемай кампаніяй, а за «НьюФэшн», створанай у кастрычніку 2018 году. Яе асноўны від дзейнасьці — розьнічны гандаль адзеньнем у спэцыялізаваных крамах. Адзіны заснавальнік «НьюФэшн» — Генадзь Кім-Глозман, вынікае зь зьвестак адзінага дзяржрэестру юрасобаў і ІП.

Кім-Глозман — буйны бізнэсовец, раней вядомы пад прозьвішчам Кірэйкаў. Ён таксама валодае «Грынрозьніцай», Green і іншымі актывамі групы кампаніяў «Рапа». Верагодна, «Нью-Йоркер БЛР» кіравала крамамі сеткі, што працуюць у Беларусі па франшызе.

«Нью-Йоркер БЛР» створана ў верасьні 2018 году для розьнічнага гандлю адзеньнем. У 2018 годзе яна атрымала эксклюзіўнае права дыстрыбуцыі нямецкага брэнду ў Беларусі. Група кампаніяў Rapa з 2018 году разьвівае сетку па франшызе.

З студзеня 2023 году кампанія ўваходзіць у сьпіс прадпрыемстваў, дзе замежным уладальнікам забаронена прадаваць долі, выходзіць зь ліку ўдзельнікаў або праводзіць рэарганізацыю. Тады ў яе было два нямецкія ўладальнікі: «НЬЮ ЙОРКЕР Рытэйл Інвэстмэнт ГмбХ» (0.01%) і «НЬЮ ЙОРКЕР Рытэйл Інтэрнэшнл ГмбХ» (99.99%). Паводле зьвестак беларускага выданьня, немцы ўсё яшчэ валодаюць кампаніяй.

Немцы, якія яшчэ ў 2022 годзе трапілі ў чорны сьпіс актываў, забароненых да продажу, падобна, вырашылі гэтую праблему ліквідацыяй — «мэтадам гільятыны», як напісалі беларускія СМІ.

Каментары