Дзяржава

Менская мытня паведаміла пра ўвоз у ЕАЭС тавараў на 3,3 млн рублёў пад выглядам іншага грузу

Паводле зьвестак Дзяржкамітэту, няслушныя зьвесткі дазволілі б зэканоміць на мытных плацяжах больш за 220 тыс. рублёў. Датычна казахстанскага перавозчыка пачаты адміністрацыйны працэс.

Менская мытня паведаміла пра ўвоз у ЕАЭС тавараў на 3,3 млн рублёў пад выглядам іншага грузу
Ілюстрацыя створана ШІ

Супрацоўнікі Менскай рэгіянальнай мытні 9 кастрычніка 2026 году ўстанавілі факт увозу на тэрыторыю ЕАЭС адных тавараў пад выглядам іншых. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце. Паводле вэрсіі ведамства, такім чынам хацелі зьменшыць мытныя плацяжы.

У суправаджальных дакумэнтах значылася, што грузавік казахстанскага перавозчыка, які прыбыў на афармленьне ў ПМА «Менск-ТЛЦ-2», вязе зборны груз вагой 20,5 тоны. У Дзяржкамітэце таксама паведамілі, што мытнікі засумняваліся ў дакладнасьці заяўленых зьвестак і прааналізавалі выяву, атрыманую пад час сканаваньня зьмесьціва інспэкцыйна-аглядным комплексам.

Пад час агляду, як кажуць у мытным камітэце, высьветлілася: больш за палову тавараў, каля 360 тыс. адзінак, у дакумэнтах назвалі інакш. Гаворка пра вопратку, абутак, аўтазапчасткі, электраабсталяваньне, кухоннае начыньне і іншае. Кошт незаконна ўвезеных тавараў у ведамстве ацанілі больш чым у 3,3 млн рублёў. Заяўленьне няслушных зьвестак, паводле іх даных, дазволіла б зэканоміць на мытных плацяжах больш за 220 тыс. рублёў.

Мытня пачала датычна перавозчыка адміністрацыйны працэс па частцы 1 артыкула 15.5 КаАП. Санкцыя артыкула — штраф у памеры 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэньня.

Каментары