Фэдэральная пракуратура ЗША прад'явіла абвінавачаньні двум ізраільцянам і іх меркаванаму саўдзельніку ў маштабным махлярстве з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту. Паводле вэрсіі сьледзтва, група скрала больш за 129 мільёнаў долараў у кампаніяў у ЗША і іншых краінах, выдаючы сябе за іх кіраўнікоў.
Схема, як яе апісваюць амэрыканскія пракуроры, пачыналася зь ліста работніку бухгальтэрыі нібыта ад кіраўніка кампаніі з просьбай правесьці канфідэнцыйную фінансавую апэрацыю. Потым махляры наладжвалі тэлефонны або відэазванок, падраблялі голас і выяву кіраўніка з дапамогай ШІ. Работніку прапаноўвалі зьвязацца з «юрыстам» буйной юрыдычнай фірмы, ролю якога іграў іншы ўдзельнік групы. Паводле зьвестак пракуратуры, адзін з абвінавачаных карыстаўся загадзя напісаным сцэнарам, каб больш пераканаўча выглядаць адвакатам.
Пасьля некалькіх этапаў пацьверджаньня работніка пераконвалі адправіць буйны банкаўскі пераклад на ўказаны рахунак. Грошы перамяшчалі паміж рахункамі ў розных краінах, канвэртавалі ў крыптавалюту і падзялялі паміж удзельнікамі. Сярод пацярпелых або патэнцыйных ахвяраў называюць: бальнічныя сыстэмы ў ЗША, банк, брытанская фінтэх-кампанія, інвэстыцыйная кампанія і вытворца кармоў для жывёлы.
Трох абвінавачаным закідаюць махлярства з выкарыстаньнем электронных сродкаў сувязі, крадзеж асобы і адмываньне грошай. Па асобных абвінавачаньнях ім можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Беларускіх кампаніяў сярод пацярпелых не названа.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…