Гісторыя Архівы

Каталіцтва, як аружжа польскасьці

Польскае каталіцтва ў Беларусі служыць палітычнай зброяй палянізацыі, а не навуцы Хрыста, піша віленская „Krynica“. Аўтар бачыць выйсьце ў стварэньні беларускага біскупства, незалежнага ад польскіх рук.

Каталіцтва, як аружжа польскасьці

З увагі на нязвычайна вялікае значэньне для нашага народу справы аб‘яднаньня у непадзельную сям‘ю усіх беларусау-праваслауных і каталікоў, дзеленых „маскоўскім“ праваславіем і „польскім“ каталіцтвам, перадрукоўваем гэту стацьцю з газэты „Krynica“, якая выходзе у Вільні. — Рэд.

Беларусы каталікі ў працягу некулькі сталецьцяў, пры розных палітычных варунках, прымалі каталіцтва ад свайго заходняга суседа — Польшчы. Гэта каталіцтва, з дужа малымі выняткамі, прышчэплівалася нам не як навука Хрыста, але як палітычнае аружжа дзеля апалячваньня беларусаў.

Найвыразьнейшым доказам гэтага ёсьць унія праваслаўя і каталіцтва з 1596 г. Закладзіны Уніі, спосаб праводжаньня яе ў жыцьцё, адносіны да яе польскага ўраду, польскага духавенства і грамадзянства*)— усё гэтае разам выказвае, што каталіцтва, гэта — толькі плашч для польскай палітычнай работы.

Так было і так ёсьць. Сяньня, у новай Польшчы, польскае каталіцтва ў беларускіх землях зьяўляецца, далейшым цягам, польска-шляхоцкай, пераважна наскрозь палітычнай трыбунай. Цяперашняе польскае ў нас каталіцтва, з дужа малымі выняткамі, выразна варожа адносіцца да беларускага народу, да яго духовага і матэрыяльнага адраджэньня. Кіраўнікі польскага ў нас каталіцтва аж дагэтуль не здабыліся на афіцыяльнае падтрыманьне для беларусаў беларускай мовы ў касьцеле, а ў Духоўнай Віленскай Сэмінарыі аж дагэтуль ня ўведзены хоцьбы некаторыя навукі беларусазнаўства.

Ня будзем пералічаць усіх тых крыўдаў, якія плывуць з такога палажэньня ў нас каталіцтва, як для каталіцтва самога, так і агулам для каталіцкай часткі беларускага народу. Успомнім аб галоўных. Каталіцтва, з аднаго боку, падавана беларускаму народу ў чужой, малазразумелай польскай мове, дзіўна мала закранула сэрца беларуса і дзіўна мала пакінула ў ім сьлядоў духовай культуры, а тое-ж каталіцтва, з другога боку, пакінула ў гэным сэрцы зярнё недаверыя да яго, якое доўга бадай не праяўляла жыцьця, а якое цяпер бруняе ў сэрцы каталіка беларуса, які, дзякуючы вайне, рэвалюцыі і разьвіцьцю народнай сьведамасьці, бачыць, што польскае каталіцтва для яго нешта моцна чужое, і што ў ім зазначаецца аднастароннасьць і нат‘ нязгоднасьць з праўдай.

Гэта шкоднае і зусім няслушнае злучэньне польскасьці і каталіцтва дае знакі жыцьця ня толькі ў Беларусі Заходняй—пад Польшчай, але нат‘ і… у Савецкай Беларусі. Рэлігійныя прасьледаваньні каталікоў і судовыя працэсы каталіцкага духавенства ў Беларусі і Расеі ў дужа многіх выпадках выклікаліся гэнай самай польскай палітычнай падкладкай. Калі камуністычны ўрад наагул рэлігію ўважае за нейкі „дурман“ і з гэтага пункту гледжаньня ўкладае да рэлігіі свае адносіны, дык каталіцтва, зьмешанае з польскасьцю, каталіцтва, як спосаб апалячваньня беларусаў, ішчэ больш нялюба кожнаму камуністаму і для яго зусім незразумела.

На судзе арцыбіскупа Цепляка і кс. Буткевіча ў Маскве асуджаны разам і ксяндзы беларусы, як Хвецька і Юневіч. І што да гэтых апошніх, дык мусімо сказаць, што пацярпелі яны (натуральна, нясьведама) бадай больш за польскае каталіцтва, як за каталіцтва чыстае. І гэта зразумела. Калі два коні спрэжаны ў дышлі і адзін з іх уваліцца ў пропасьць, дык лёгка тудыж і другога ўцягне.

Думкі нашы пацьвярджае расейскае, выходзячае ў Коўні, „Эхо“ у стацьці: „Верх изобретательности“.**) Вось што піша гэта газэта аб польскім каталіцтве ў Савецкай Беларусі:

…„Дзякуючы рыскаму дагавору, які аддаў пад апякунства Польшчы каталікоў, жывучых у Расеі, — польскія эндэкі сталі поўнаправным гаспадаром Савецкай Беларусі. Па загаду з Польшчы беларускае каталіцкае духавенства пераводзіцца ў Расею, а на яго мейсца назначаюць польскіх ксяндзоў эндэкаў, на якіх накладаецца абавязак апалячваньня краю.

Высланыя ў Расею гэткія вядомыя беларускія дзеячы, як ксяндзы Ігнат Жаўнаровіч, Ант. Ярмаловіч, Улад. Кундэ, Аляксандра Сак і інш…

Палітыка апалячваньня, ці лепш спосабы апалячваньня вядуцца з вялікай энэргіяй пад абаронай польскіх камуністых, якія служаць плашчом для эндэкаў. У парахвіях, дзе ніколі ня было польскай мовы, уведзена набажэнства па польску замест быўшага раней беларускага; такі лёс спаткаў Фашчоўку, куды назначаны ксёндз вядомы польскі патрыёт-шовініст Войнар, і многія іншыя сёлы.

Нацыянальная палітыка, праводжаная праз касьцёл, шкодзіць самаму каталіцтву, бо каталіцтва зачынаюць разумець, як аружжа польскіх паноў…

Беларускія біскупы, кіруючыя беларускім каталіцкім касьцёлам — Лазінскі і Ропп, жывуць у Варшаве і адтуль, згодна з жаданьнямі польскага ўраду, даюць загады падуладнаму сабе духавенству, жывучаму ў Беларусі.

Ці трэба гаварыць, як такое палажэньне гэтай справы злуе беларусаў, асабліва-ж беларусаў каталікоў, відзячых, што касьцёл абарачваецца ў агенцтва эндэкаў?!

І яны зварачваюцца да Сьв. Сталіцы з просьбай, каб кіраўніцтва каталіцкім касьцёлам было ўзята з польскіх рук і каб быў назначаны біскуп чужаземец.

Разьвіцьцё польскай заборчай палітыкі ў царстве камунізму—вось тая дзіўная грымаса жыцьця, усё перавышаючая“…

Зусім зразумелае зьдзіўленьне газэты „Эхо“ з такога палажэньня каталіцтва ў Савецкай Беларусі. Незразумелы толькі яго словы, што быццам беларусы каталікі, каб выйсьці з такога ненармальнага рэлігійнага палажэньня, зварачваюцца да Сьв. Сталіцы з просьбай назначыць ім біскупа чужаземца.

Гэта ня выхад. У сучасны мамэнт, калі рух беларускі даволі шырока разьвіўся, калі ўжо ёсьць значны лік беларускага каталіцкага духавенства і калі ўжо ў Усходняй Беларусі паўсталі зачаткі беларускай дзяржаўнасьці, — дзеля кіраўніцтва каталіцкім касьцёлам у Савецкай Беларусі можа і павінна быць створана Беларускае Біскупства з біскупам абавязкова сьвядомым беларусам.

Гэта адзіны спосаб проці польскага каталіцтва на беларускіх землях, шкоднага як для каталіцтва, так і для беларускага народу. Аб гэтым безадкладна належыць пачаць гутаркі з Рымам, і вялікі час, каб Рым зразумеў гэта.

*) Пішучы аб польскім каталіцтве на Беларусі, мусім адзначыць, што расейскае праваслаўе у нас ёсьць таксама шкодным і ненармальным.

**) Калі вышла гэта газэта—невядама, бо нам удало-

Каментары