Гісторыя Архівы

Інтэрпэляцыя ў справе катаваньня бязьлетніх у Аношках

Пасьля забойства вучыцеля і солтыса паліцыя арыштавала моладзь і катавала яе ў двары Каменкі. Паслы жадаюць ведаць, ці будуць пакараныя паліцыянты і ці хутка пойдзе судовае сьледзтва.

Інтэрпэляцыя ў справе катаваньня бязьлетніх у Аношках

Паслоў з Беларускага Клюбу да п. п. міністраў справядлівасьці і ўнутраных спраў—у справе біцьця і катаваньня бязьлетніх беларусаў: Валадзімера Пракажына, Мікалая Шарапы, Яна Карачуна і Юстына Акуліка.

З дня 4 на 5 мая г. г. ў вёсцы Аношкі, Сноўскае гм., Нясьвіскага пав., былі забіты польскі вучыцель п. Кавальскі і солтыс Тамаш Хоміч.

Забойства здарылася пры гэткіх акалічнасьцях: 4 мая ў вёску Аношкі прыбыў вывядоўца павятовае паліцыі ў Нясьвіжы, Мельнік, і зажадаў у солтыса падводу. Дастаўшы яе, выбраўся ў дарогу; аднак, крыху счакаўшы, загадаў селяніну ехаць назад у вёску Аношкі, гдзе папрасіў у солтыса вызначыць яму кватэру, якую дастаў у народнай школе. З прычыны набліжэньня ночы,—была ўжо 8 гадз. вечара,—вывядоўца Мельнік пайшоў з солтысам у народную школу.

Назаўтрае раніцай да ведама жыхараў вёскі Аношкі дайшло аб забойстве ў народнай школе солтыса Тамаша Хоміча і вучыцеля Кавальскага.

У сувязі з гэтым пачаліся масавыя арышты мясцовае люднасьці. Арыштавалі кольідзесят асоб, якіх катавалі і пасьля звольнілі. Спаміж арыштаваных дагэтуль астаюцца ў вастрозе Валадзімер Пракажын — 16 гадоў, Мікалай Шарапа—19 гадоў, Ян Карачун — 24 гадоў і Юстын Акулік—20 гадоў, якіх перавезьлі ў двор Каменкі, пасадзілі ў склеп пад зямлёй, закавалі ў кайданы, абкруцілі іх цела мокрым шмацьцём і пачалі страшэнна катаваць, каб прымусіць іх прызнацца да віны. Ня гледзячы на тое, што нявінныя стараліся давясьці, пазываючыся па сьведкаў, што Пракажын, Карачун і Акулік у часе, калі было ўчынена забойства, былі на вечарыне ў доме Анны Пракажын, а Шарапа езьдзіў у вёску Квачы па дровы, ды там і начаваў, паліцыя не схацела папытацца ў сьведкаў, а далей катавала, даводзячы арыштаваных да стану ўтраты прытомнасьці. Учыніўшы гэты праступак зьдзекаваньня, біцьця і катаваньня бязьлетніх беларусаў пасадзілі ў вастрозе ў Нясьвіжы.

Дзеля вышэйшага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. п. міністраў: 1) ці маняцца яны ўрэшце прыступіць да выкараненьня ў Польшчы зьдзекаў, біцьця і катаваньня арыштаваных? 2) ці маняцца яны ўраз-жа аддаць пад суд агентаў паліцыі, якія катавалі бязьлетніх беларусаў? 3) ці маняцца прыспешыць судовае сьледзтва ў справе западозраных у забойстве вучыцеля і солтыса?

Варшава, 3 чэрвеня 1924 г.

Каментары