Грамадзтва

Пракладкі па 2 рублі за штуку: аўтамат у Dana Mall выклікаў спрэчку ў Threads

Пачка з васьмі пракладак Kotex у аўтамаце каштуе 10 рублёў, у крамах падобныя прадаюцца па 4–6.5 рубля. Пост пра гэта ў Threads паглядзелі амаль 190 тысяч разоў менш чым за суткі.

Пракладкі па 2 рублі за штуку: аўтамат у Dana Mall выклікаў спрэчку ў Threads

Мінчанка апублікавала ў Threads пост «Ці нармальна? Цэны на пракладкі ў жаночым туалеце ў Dana Mall» з фатаграфіямі аўтамата і прэйскуранту. Мяркуючы па ўсім, гандлёвы цэнтар яна наведала ў выходныя, а ў прыбіральнях там стаяць аўтаматы са сродкамі жаночай гігіены. Пост паглядзелі амаль 190 тысяч разоў менш чым за суткі.

У аўтамаце адна пракладка каштуе 2 рублі, а пачка з васьмі пракладак Kotex — 10 рублёў. Падобныя пракладкі таго ж брэнду з такімі ж характарыстыкамі ў крамах прадаюцца па 4–6.5 рубля за пачку.

Пад фотаздымкам аўтамата разгарэлася дыскусія: менш чым за суткі ў камэнтарах набралася больш за дзьвесьце адказаў. Адна з карыстальніц напісала: «Піпец, яны цану на пачку загнулі, у два разы даражэй, чым у краме».

Частка камэнтатараў абараняла аўтамат. Карыстальніца existornotexist напісала, што адну пракладку купляюць, каб дабегчы да аптэкі, супэрмаркета або дадому, і што паміж «не мець наогул нічога» і «мець хаця б гэта» яна абярэ другое. Іншая напісала: «Гэта аўтамат, экстраныя выпадкі, калі трэба, але няма». Трэцяя — «Я б нават не паглядзела на цану, тым больш за 1 адзінку, каб адчуваць сябе камфортна».

Карыстальніца demidchik_elvira нагадала, што аўтамату трэба акупіцца, і дадала, што ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі выпадкі, калі ў туалетах кавярняў і салёнаў ставілі бокс зь бясплатнымі пракладкамі, і яго спустошвалі цалкам. Карыстальніца milana_____14 напісала: «Гэта аўтамат [на] экстраныя выпадкі, калі трэба, але няма: вам усё не дагодзіш, эканомшчыкам, [скажыце] дзякуй, што ёсьць такія».

Аўтарка паста запярэчыла: «Ва ўсім сьвеце топяць за тое, каб яны [сродкі гігіены] былі зусім бясплатныя, а вы падтрымліваеце такія цэны». Карыстальніца psinalafur спытала: «Людзі наогул у курсе, што пракладкі і тампоны ў многіх грамадзкіх туалетах іншых краін ляжаць бясплатна?» Ёй адказала elfin195: «[А тут] чалавек купіў апарат, арандаваў у Dana Mall месца ў туалеце і рэгулярна напаўняе гэты апарат. Чаму асобна ўзяты чалавек павінен рабіць гэта бясплатна?»

У самім гандлёвым цэнтры ёсьць крама «Міла», дзе сродкі гігіены можна купіць таньней. Аўтамат паставіў не гандлёвы цэнтар з дабрачыннасьці, а прадпрымальнік, які хоча зарабіць. Яму трэба акупіць сам апарат, арэнду месца, электрычнасьць і абслугоўваньне. Адна з карыстальніц напісала: «Чаму гэты нехта мусіць працаваць сабе ў страту?»

Каментары