Mark Formelle разам зь беларускім дызайнэрам Аляксеем Лімонавым стварыў калекцыю адзеньня, у цэнтры якой — прынты гарадзкіх люкаў. Капсула ўжо трапіла ў крамы. Лімітаваную калекцыю можна купіць у фірмовых крамах Mark Formelle, а таксама замовіць анлайн з дастаўкай дадому.
Тэма калекцыі — чыгунныя люкі Менску. Галоўная ідэя, як яе апісваюць, — укараніць эстэтыку вуліц у штодзённы гардэроб. Акцэнт зроблены на расслабленым вулічным стылі з настроем грандж. У аснове лінейкі — глыбокія цёмныя колеры, аб’ёмныя сылюэты оўэрсайз і самі прынты люкаў. Сярод прынтаў ёсьць графічныя выявы з Купалаўскім і Опэрным тэатрамі.
У капсулу ўвайшлі футболкі, аб’ёмныя худзі і сьвітшоты са шчыльнага трыкатажу, свабодныя штаны зь мяккага трыкатажу, а таксама хусткі-бандана. Характар калекцыі падкрэсьліваюць мэталёвыя біркі, дэкаратыўныя дэталі, надпісы і эфэкт пацёртасьці на тканіне.
Жаночыя кофты з доўгімі рукавамі каштуюць 39.99 рубля, штаны і худзі — 69.99, талстоўкі і сьвітшоты — 59.99. Мужчынскія штаны і талстоўкі абыдуцца ў 79.99 рубля, худзі — у 89.99, футболкі — у 39.99.
Лімонава называюць адным з самых яркіх і мэдыйных прадстаўнікоў арт-супольнасьці Беларусі. Яго аўтарскі праект зь выявамі люкаў Менску хутка прыцягнуў увагу публікі. Распачаты як графічны экспэрымэнт і дызайн дэкаратыўных падставак, ён вырас у капсулу вулічнага адзеньня.
Паводле слоў аўтараў калекцыі, люкі «дапаўняюць ландшафт горада Беларусі і хаваюць сапраўдную гісторыю». Сам Лімонаў патлумачыў сваё бачаньне так: «Калі мы гуляем па любімых вуліцах, то бачым, як кожны элемэнт іграе сваю ролю ў агульнай гармоніі месца. Люкі нібы „ДНК“ горада. У іх зашыфраваны культурны код. Яны маюць свой характар, прыгажосьць, а таксама пазнавальны лякальны патэрн».
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…