У Менску 12-гадовую школьніцу прымусілі правесьці дома «анлайн-ператрус» і аддаць кур’еру 600 рублёў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ГУУС Менгарвыканкаму. Спачатку дзяўчынка пазнаёмілася ў мэсэнджэры зь нібыта равесьнікам.
Празь нейкі час невядомы прыслаў ёй відэапаведамленьне з дронамі і заявіў: «Хутка дроны прылятуць у Менск». Потым сяміклясьніцы патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся дзяржслужачым, і запатрабаваў неадкладна спыніць зносіны.
Фальшывы сьледчы абвясьціў дзяўчынку падазраванай у справе аб садзейнічаньні тэрарызму. Ёй забаранілі каму-небудзь расказваць пра тое, што адбываецца, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.
Паводле слоў ашуканцаў, калі дзіця раскажа пра званкі, бацькам пагражае ад 20 гадоў турмы да сьмяротнага пакараньня, а яе саму адправяць у дзіцячую калёнію.
Паводле зьвестак міліцыі, з ашуканцамі школьніца была на сувязі 5 дзён, зь перапынкам на выходныя, якія праводзіла з бацькамі. Пасьля перапынку да схемы падключыліся нібыта прадстаўнікі падатковай: яны заявілі, што сямейныя зьберажэньні трэба задэкляраваць.
Каб пазьбегнуць сапраўднага ператрусу, дзяўчынку прымусілі правесьці «анлайн-ператрус» кватэры. Пад ціскам яна знайшла 600 рублёў, паклала іх у канвэрт, намалявала на ім кветку і перадала кур’еру.
Кур’ерам аказалася 14-гадовая вучаніца сталічнай гімназіі, якая таксама стала ахвярай падману па аналягічнай схеме.
У міліцыю, у Фрунзенскі РУУС, зьвярнулася мама 12-гадовай дзяўчынкі. Узбуджана крымінальная справа, міліцыя шукае іншых удзельнікаў схемы.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…