Палітыка Міжнародныя адносіны

Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаць Літве Антанаса Кандротаса, вядомага як Цэлафанас

Пра рашэньне беларускага боку паведаміла Міністэрства юстыцыі Літвы. Кандротас з траўня знаходзіцца ў Беларусі, у Літве яго прыгаварылі да 3.5 году пазбаўленьня волі па справе пра фінансавыя злачынствы.

Антанас Кандротас — Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаць Літве Антанаса Кандротаса, вядомага як Цэлафанас
На ілюстрацыі: Антанас Кандротас

Генэральная пракуратура Беларусі адмовілася выдаць Літве блогера і актывіста Антанаса Кандротаса, вядомага таксама як Цэлафанас. Пра гэта 5 лістапада паведаміла прэс-служба Міністэрства юстыцыі Літвы.

Запыт пра выдачу літоўскае ведамства накіравала ў Генпракуратуру Беларусі ў жніўні. Працэс экстрадыцыі Мінюст пачаў па хадайніцтве Каўнаскага акруговага суду; пра адмову беларускага боку міністэрства паведаміла гэты суд.

У чэрвені Апэляцыйны суд Літвы прыгаварыў Кандротаса да 3.5 году пазбаўленьня волі па справе пра фінансавыя злачынствы: гаворка пра незаконны гандаль паліва і ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Прыгавор набыў моц, але не можа быць выкананы, пакуль Кандротас знаходзіцца за межамі Літвы.

Незадоўга да фінальнага судовага працэсу Кандротас парушыў меру стрыманьня і паехаў у Беларусь. Ён знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд па справе пра парушэньне грамадзкага парадку, а ў пачатку траўня сам паведаміў, што знаходзіцца ў Беларусі. Паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ Беларусі, 3 траўня ён прыехаў у Менск.

У Беларусі Кандротас даў інтэрвію дзяржаўным прапагандыстам, дзе прадставіў сябе «палітычным уцекачом». Ён раскрытыкаваў літоўскія ўлады і заявіў пра фіктыўны характар прэтэнзій, на якіх заснаванае крымінальнае перасьледаваньне. З тых часоў ён неаднаразова зьяўляўся ў беларускіх прапагандысцкіх праграмах.

Каўнаскі акруговы суд выдаў эўрапейскі ордэр на арышт Кандротаса 29 чэрвеня 2026 году. Віцэ-міністар юстыцыі Літвы Мартынас Дабравольскіс заявіў: «Літва імкнецца да таго, каб А. Кандротас адбыў прызначанае яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, у сувязі з чым былі прынятыя ўсе меры. Выдадзены эўрапейскі ордэр на арышт дае магчымасьць затрымаць асобу, як толькі яна апынецца на тэрыторыі Эўразьвязу або яго партнэраў».

Гэта не адзіная справа Кандротаса. У верасьні 2025 году яго асудзілі на 4 гады за ўдзел у беспарадках ля Сэйму ў 2021 годзе, у сакавіку 2026 году — на 1 год па справе пра падбухторваньне да нянавісьці да былога члена Сэйму і парушэньне грамадзкага парадку. Абодва прыгаворы абскарджаныя і моцы не набылі. Раней ён сядзеў у турме, але ў 2025 годзе быў вызвалены датэрмінова.

У жніўні 2026 году Мінюст Літвы накіраваў Менску афіцыйны запыт пра экстрадыцыю.

Каментары