Іран атрымае закупленыя ў Расеі зьнішчальнікі Су-35 толькі пасьля заканчэньня вайны з ЗША. Пра гэта заявіў прадстаўнік іранскага войска брыгадны генэрал Мохамад Акраміня.
Паводле яго словаў, пілёты ўжо прайшлі навучаньне, а самалёты мусілі прыбыць яшчэ да вайны. Незалежнага пацьверджаньня самой закупкі няма: зьвесткі грунтуюцца на словах іранскага вайскоўца.
Паводле словаў крыніц у іранскіх ВПС, Тэгеран сам адклаў прыём 20 самалётаў, хоць Масква была гатовая перадаць іх яшчэ ў ліпені. Прычына, паводле гэтых зьвестак, — асьцярогі іранскіх вайскоўцаў, што амэрыканскія сілы зьнішчаць новыя зьнішчальнікі адразу пасьля прыбыцьця, перш чым іх пасьпеюць разьмясьціць у падземных сховішчах.
Заява генэрала ўзгадняецца з гэтай інфармацыяй, аднак невядома, ці ідзе гаворка менавіта пра тую самую партыю з 20 самалётаў.
Першыя пастаўкі Су-35 Тэгерану абяцалі яшчэ ў 2023 годзе. У канцы 2025 году The Insider пісаў пра дакумэнты, паводле якіх Расея і Іран дамовіліся пра продаж 48 такіх самалётаў яшчэ ў 2022 годзе.
У студзені 2025 году іранскія вайскоўцы пацьвердзілі куплю зьнішчальнікаў, але не ўдакладнілі, ці былі яны дастаўленыя.
Расейскае выданьне «Асноўныя мэдыя», спасылаючыся на іранскія крыніцы, сьцьвярджае, што Іран прыдбаў партыю шматмэтавых Су-35. Паводле зьвестак расейскіх СМІ, падрыхтоўка да прыёму самалётаў, уключна з навучаньнем пэрсаналу, ужо завершаная.
Нямецкае выданьне Flug Revue паведамляла пра прыбыцьцё двух самалётаў, аднак незалежнага візуальнага пацьверджаньня гэтага не зьявілася.
У сакавіку 2026 году Уладзімір Зяленскі заявіў пра абмен тэхналёгіямі паміж Расеяй і Іранам і папярэдзіў пра новую глябальную пагрозу. Украінскія выданьні ў тыя ж тыдні пісалі, што падчас апэрацыі ЗША і Ізраілю на Блізкім Усходзе Масква пашырыла вайсковую дапамогу Тэгерану: пачала перадаваць спадарожнікавыя здымкі і тэхналёгіі для бесьпілётнікаў.
У красавіку 2026 году паводле журналісцкіх роспытаў паведамлялася, што Масква перадае Тэгерану зьвесткі спадарожнікавай разьведкі і тэхналёгіі для бесьпілётнікаў, што можа павышаць дакладнасьць удараў па амэрыканскіх вайсковых аб’ектах.
У лістападзе 2025 году Беларусь наведала вайсковая дэлегацыя ВПС Ірану. Адбыліся перамовы камандуючага ВПС і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэя Лук’яновіча з камандуючым ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі пра супрацоўніцтва ў ваенна-паветранай сфэры.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…