Дзяржаўная памежная ахова Латвіі зафіксавала 50 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі за суткі 23 кастрычніка. Гэта найбольшае значэньне з 10 кастрычніка, калі было 58 такіх спробаў.
Паміж гэтымі датамі суткавыя паказьнікі вагаліся ад 4 (14 кастрычніка) да 39 (22 кастрычніка). Максымум месяца прыйшоўся на 4 кастрычніка: тады было зафіксавана 95 спробаў.
З пачатку кастрычніка Латвія спыніла 696 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі. З пачатку 2026 году, паводле зьвестак памежнай службы, іх крыху менш за 12400, што на 12.8% больш, чым за той жа пэрыяд мінулага году. Беларуска-латвійскую мяжу спрабуюць перасякаць 212 дзён запар, з 25 сакавіка.
На літоўскім участку з пачатку месяца зафіксавана 92 спробы, з пачатку году — 1751. Гэта на 6.1% больш, чым за ўвесь 2025 год (1651), і на 74.8% больш, чым за ўвесь 2024-ы (1002).
На латвійскі ўчастак прыпадае 84.7% усёй актыўнасьці мігрантаў, зафіксаванай за няпоўныя 10 месяцаў на мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю. На літоўскі прыпадае 12%, на польскі — 3.3%.
Польшча пасьля 34 дзён спакою, з 16 верасьня па 19 кастрычніка, паведаміла пра 8 спробаў 20 кастрычніка. Літоўская служба аховы мяжы, па падліках выданьня, зафіксавала 31 спробу 21 кастрычніка і 19 — 22 кастрычніка.
У сакавіку 2024 году ўрад Латвіі ўвёў узмоцнены рэжым аховы мяжы ў раёнах Лудзенскага, Краслаўскага, Аўгшдаўгаўскага і Даўгаўпілскага паветаў і ў Каўнатскай воласьці Рэзэкненскага краю. Рашэньнем кабінэту міністраў ад 30 чэрвеня 2026 году ён працягнуты да 31 сьнежня 2026 году. У гэтых раёнах паліцыя і армія ўзмоцнена патрулююць тэрыторыю і маюць права правяраць памяшканьні бяз дазволу ўладальнікаў.
Памежны плот даўжынёй амаль 145 кілямэтраў Латвія дабудавала ў ліпені 2024 году, працы пачаліся ў верасьні 2022 году.
Міграцыйны крызыс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай Менскам і Масквой. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць мігрантаў, бо тых у ЕС нібыта «паклікалі», а сам Эўразьвяз «душыць» Менск санкцыямі.
У 2021 годзе Латвія ўводзіла рэжым надзвычайнага становішча, які дзейнічаў з 11 жніўня па 10 лістапада. Узмоцненую ахову мяжы краіна падаўжала і ў 2023 годзе, тады рэжым дзейнічаў да 10 лютага 2024 году.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…