Палітыка Міжнародныя адносіны

Мэланія Трамп: чацьвёра журналістаў Newsmax будуць назіральнікамі гуманітарнай місіі ў Алешках

Расея і Украіна часова спынілі агонь з 27 кастрычніка. Паводле слоў упаўнаважанай па правах чалавека ў Расеі Яны Лантратавай, рэжым цішы працягнецца да 1 лістапада.

Мэланія Трамп і Яна Лантратава — Мэланія Трамп: чацьвёра журналістаў Newsmax будуць назіральнікамі гуманітарнай місіі ў Алешках
На ілюстрацыі: Мэланія Трамп і Яна Лантратава

Чацьвёра амэрыканскіх журналістаў тэлеканала Newsmax будуць працаваць у Алешках Херсонскай вобласьці разам з расейскімі і ўкраінскімі кіраўнікамі гуманітарнай апэрацыі. Пра гэта паведаміла першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп. Паводле яе слоў, яны будуць там як нэўтральныя назіральнікі.

Расея і Украіна часова спынілі агонь з 27 кастрычніка. Пра рэжым цішы ў Алешках з 04:00 раніцы 27 кастрычніка стала вядома ад начальніка Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расеі Валерыя Герасімава.

Кірыл Дзьмітрыеў, спэцпрадстаўнік Пуціна, заявіў, што бакі выконваюць рэжым спыненьня агню і ідзе праца па разьмініраваньні. Паводле зьвестак расейскага амбудсмэна, рэжым цішы захоўваецца, інцыдэнтаў не зафіксавана.

Паводле паведамленьня Яны Лантратавай, рэжым цішы для гуманітарнай місіі і эвакуацыі насельніцтва працягнецца да 1 лістапада.

Бакі плянавалі місію пры пасярэдніцтве і каардынацыі Мэланіі Трамп. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў казаў, што каардынацыйную ролю іграе менавіта яна, а перамовы пра дапамогу жыхарам вялі расейскі і ўкраінскі амбудсмэны.

Паводле слоў Мэланіі Трамп, журналісты Newsmax будуць незалежна фіксаваць тое, што адбываецца, і дакумэнтаваць ход гуманітарнай апэрацыі. Яны будуць знаходзіцца на месцы, суправаджаючы гуманітарных лідэраў з расейскага і ўкраінскага боку.

Алешкі знаходзяцца на тэрыторыі, падкантрольнай Расеі. Падыходы да горада замініраваныя, ён увесь час абстрэльваецца, шляхі забесьпячэньня перарэзаныя, і ў горадзе няма паставак лекаў, правіянту і чыстай вады. У Алешках застаецца каля 2000 чалавек.

Паводле слоў Лантратавай, у горад адправілі гуманітарную дапамогу: жыхарам патрэбныя ежа, паліва, лекі і сродкі гігіены. Яна заявіла, што магчымасьць выехаць з зоны баявых дзеяньняў будзе дадзеная незалежна ад таго, куды чалавек хоча выехаць. Паводле слоў Мэланіі Трамп, частка жыхароў хоча эвакуявацца ў Расею, частка — ва Ўкраіну.

Дзьмітрыеў напісаў, што Расея вітае журналістаў Newsmax.

Лантратава паведаміла, што разам з замежнымі журналістамі накіроўваецца ў Алешкі.

Украінскі бок паведаміў, што ўводзіць рэжым спыненьня агню адначасова з расейскім.

Каментары