Першы намесьнік міністра сувязі Павел Ткач паведаміў, што ў Беларусі некалькі прылад расейскай сыстэмы спадарожнікавай сувязі на нізкай арбіце «Сьвітанак» перадалі на тэставаньне. Сыстэму называюць расейскім аналягам Starlink.
Паводле Ткача, абсталяваньне спачатку праверыць у спэцыяльных органах, у прыватнасьці ў МНС. Пра грамадзянскае выкарыстаньне там падумаюць пасьля прыходу наступнай партыі прылад. Калі яна прыбудзе, не сказана.
«Сьвітанак» разьлічаны на шырокапалосную перадачу даных. Для гэтага выкарыстоўваюцца групоўка спадарожнікаў на арбіце, наземныя станцыі і абанэнцкія тэрміналы.
Паводле агучаных плянаў, да канца 2026 году павінны прайсьці лякальныя выпрабаваньні і першыя пробныя падлучэньні. Паўнавартасны камэрцыйны старт намечаны на 2027 год.
У жніўні 2026 году ўкраінскае выданьне my.ua паведамляла, што Расея вывела на арбіту першую партыю з 16 спадарожнікаў «Сьвітанак» і паскорыла разгортваньне сеткі. Тады ж expert.in.ua пісала, што два спадарожнікі, запушчаныя 20 ліпеня, не здолелі падняць арбіту.
Для паўнавартаснага запуску трэба павялічыць групоўку спадарожнікаў. Як прыклад таго, дзе спатрэбілася б такая сувязь, Ткач прывёў ураган у Мазыры, празь які былі перабоі з электразабесьпячэньнем.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…