Дзяржава Суды

Мінчука-Сьведку Іеговы асудзілі на 6 месяцаў папраўчых работ за адмову ад вайсковых збораў

Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў Яўгена Швэдава вінаватым паводле артыкула 436 КК. Менскі гарадзкі суд адхіліў яго апэляцыю, прысуд набыў моц.

Мінчука-Сьведку Іеговы асудзілі на 6 месяцаў папраўчых работ за адмову ад вайсковых збораў

38-гадовага менчука Яўгена Швэдава, які вызнае веру Сьведкаў Іеговы, прысудзілі да шасьці месяцаў папраўчых работ з вылікам 20% заробку на карысьць дзяржавы. Паводле праваабарончай арганізацыі Forum 18, яго судзілі за тое, што ён «зь меркаваньняў сумленьня» адмовіўся ўдзельнічаць у вайсковых зборах рэзэрвістаў.

13 красавіка 2026 году прысуд вынес суд Першамайскага раёну Менску. Справу распачалі ў сьнежні 2025 году паводле артыкула 436 КК.

7 кастрычніка 2025 году Швэдаў прыйшоў на зборны пункт і зноў патлумачыў, чаму адмаўляецца ад вайсковай падрыхтоўкі. Чыноўнікі вусна адмовілі яму ў вызваленьні і выклікалі міліцыю.

16 чэрвеня Менскі гарадзкі суд адхіліў апэляцыю, пасьля чаго прысуд набыў законную моц. Швэдаў падаў касацыйную скаргу і аспрэчыў першапачатковае рашэньне пра прызыў на зборы. Вынік разгляду скаргі пакуль невядомы.

Раней Швэдаў атрымліваў вызваленьне ад збораў па рэлігійных падставах: у красавіку і траўні 2023 году і ў жніўні 2025-га. Паводле Forum 18, увосень 2025 году ўлады зьмянілі пазыцыю, адмовілі яму ў вызваленьні і распачалі крымінальную справу.

Альтэрнатыўная грамадзянская служба існуе ў Беларусі з 2016 году, але не распаўсюджваецца на рэзэрвістаў. Для такіх людзей, як Швэдаў, замены вайсковай падрыхтоўцы няма. Паводле словаў прадстаўнікоў Сьведкаў Іеговы, на момант уводзінаў альтэрнатыўнай службы ён ужо выйшаў зь веку, які дазваляе ёю скарыстацца.

Канстытуцыя і закон «Аб усеагульным вайсковым абавязку і вайсковай службе» прызнаюць права замяніць вайсковую службу альтэрнатыўнай паводле рэлігійных перакананьняў. Канстытуцыйны суд пазначыў, што абавязак прызыўніка ці рэзэрвіста прадставіць наўпроставыя доказы моцы сваіх перакананьняў не супярэчыць артыкулу 31 Канстытуцыі.

Каментары