Дзеяльнасьць Міністэрства Ўнутраных спраў і залежнай ад яго дзяржаўнай адміністрацыі і паліцыі, асабліва скандальная на „Крэсах“, — была добра асьветлена і ацэнена ў Сойме. У выніку дыскусіі міністар унутраных спраў Гюбнэр атрымаў пры галасаваньні бюджэту яго міністэрства вотум недаверыя Сойму.
Гэта было выражана тым, што была прынята большасьцю 1 голасу дэманстратыўная прапазіцыя, каб з бюджэту мін. унутр. спраў скінуць сто злотых са штатаў дзяржаўнай паліцыі.
Вынікі гэтага галасаваньня вітаны былі крыкамі: „у адстаўку, міністар!“.
П. Гюбнэр зразумеў канстытуцыйную форму выражэньня яму недаверыя і зараз-жа падаў прэм. Грабскаму прашэньне аб адстаўцы.
Але „аполітычны“ прэм‘ер адказаў на гэтае прашэньне асабістым лістам да мін. Гюбнэра, у якім піша, што „даведаўшыся (ад каго?) аб характары галасаваньня нал бюджэтам мініст. унутр. спраў і паразумеўшыся з п. Прэзыдэнтам Рэспублікі“, ня лічыць магчымым даць гэтую адстаўку.
Цяпер ужо ня можа ні ў кога быць ніякага сумляваньня ў тым, што п. старшыня міністраў Грабскі ўзяў на сябе ўсю адказнасьць ня толькі за асобу пазбаўленага даверыя Сойму міністра, але і за ўсе тыя гвалты і зьдзекі адміністрацыі і паліцыі, якія былі раскрыты з Соймавай трыбуны, проці якіх у дыскусіі і ў галасаваньні 25-га чэрвеня востра і рашуча рэагаваў Сойм. Але, што яшчэ важней,—Грабскі бярэ на сябе поўную адказнасьць і за ўсё тое, што дзяржаўная паліцыя ў Польшчы будзе рабіць надалей, бо з таго, што прэм‘ер з п. Прэзыдэнтам ня прынялі просьбы аб адстаўцы міністра, і ён і яго адміністрацыя і паліцыя зусім слушна і лягічна могуць вывясьці, што ўсё тое, што яны рабілі дагэтуль, яны могуць рабіць і надалей…
А гэта-ж значыць, што п. Грабскі і яго ўрад чуюць сябе зусім неадказнымі перад Соймам, а адміністрацыя і паліцыя можа пачувацца і зусім безадказнай наагул…
Здаецца, такіх „паўнамоцтваў“ Сойм габінэту міністраў і п. Прэзыдэнту Рэспублікі пакуль што яшчэ не даваў.
Ці згодзіцца з такім парадкам „сувэрэнны“ Польскі Сойм і ці здалее адстаяць сваю годнасьць і свае правы па Канстытуцыі? Пажывем — пабачым…
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…