(Глядзі № 3 „Сын Беларуса“).
VIII.
Беларусы і расейцы.
Расейцы ў Латвіі падзяляюцца на дзьве няроўныя часткі па веры: маскоўцаў-праваслаўных і маскоўцаў-старавераў. Апошніх разы ў тры балей, чым маскоўцаў-праваслаўных. Але неяк абставіны склаліся такім чынам, што ў жыцьці маскоўцаў галоўную ролю і вагу мелі праваслаўныя элемэнты, якія складаюцца з былой расейскай адміністрацыі.
Стараверскія групы беларусаў не чапаюць, і адносіны з імі ўстанавіліся даволі добрыя, бо стараверства, прыгнечанае ў свой час самім расейскім урадам, ня прывыкла да камандных роляў і ня мае прэтэнсіі гаспадарыць над беларусамі.
Што датычыцца праваслаўных расейцаў, дык яны ўсё яшчэ ня могуць кінуць думкі аб тым, што беларусы павінны знаходзіцца пад іх апекай, і ўсё яшчэ разглядаюць істнаваньне асобнага Беларускага Аддзелу і беларускую нацыянальную працу ў Латвіі, як „здраду“ і „предательство агульным (?) інтэрэсам“.
Да гэтага часу гэтыя расейцы яшчэ ня кінулі надзеі на тое, што ім зноў удасца аб‘яднаць „въ одну общую русскую семью“ і беларусаў і вялікаросаў.
Для гэтай „сьвятой мэты“ не шкадуюць яны сілы на выкіданьне прыгожых слоў і адшуківаньне яркіх доказаў, ня спыняюцца перад самымі неабасноўнымі дакорамі, не задумываюцца над ужываньнем паклёпаў у прэсе, як напрыклад газэта „Ряжскій Курьеръ“, а іншы раз ня спыняюцца нават і перад захадамі да Латвійскага Ураду.
Асабліваю энэргію ў гэтым крыжавым паходзе супраць беларусаў выяўляе расейскі дэпутат Сойму гр. Корэцкі.
Гэты дэпутат ухітраўся быць адначасна і дэпутатам і прадстаўніком півавараннага заводу.
Езьдзіў па Латгаліі з партфэлем пад пахам, у якім перахоўваліся побач: і вэксалі на бочкі піва, дадзенага агентам заводу на мяйсцох, і справы „Расейскага Нацыянальнага Дэмакратычнага Хаўруса“, якім ён кіраваў у Рэжыцы.
Праца яго пастаўлена была на амэрыканскую нагу.
Хваліўся ён, што мае каля сотні пунктаў па разьліўцы піва, а каля кожнага гэткага пункту туліўся „Пададдзел Нацыянаньнага Дэмакратычнага Хаўруса“.
Амэрыканізацыя справы йшла яшчэ далей.— Кіраўнік разьліўнага піўнога пункту часта-густа зьяўляўся адначасна і старшынёй Пададдзелу Хаўрусу. Які небудзь грамадзянін, напрыклад гр. Анісімаў з г. Люцыну, адначасна падпісывае вэксалі на атрыманыя бочкі піва, робіць разьліву піва ў бутэлькі, а разам з тым вядзе і справы хаўрусу.
У апошнія часы высьвятлілася, што гэтая „паважная праца“ ня дужа падабаецца жыхарству, і яно пачало выходзіць з „Нацыянальнага Дэмакратычнага Хаўрусу“.
Першыя выйшлі стараверы, якія цяперака моцна згуртаваны каля свайго дэпутата ў Сойме, гр. Калістратава, і каля стараверскага Камітэту.
Затым пачалося ўцяканьне праваслаўнай інтэлігенцыі.
„Нацыянальна-Дэмакратычны Хаўрус“, убачыўшы вынікі працы гр. Корэцкага, адвярнуўся ад яго.
Тады гр. Корэцкі, шукаючы новых галасоў і спосабаў прайсьці на будучых выбарах зноў да Сойму, кінуўся ў праваслаўныя беларускія парахвіі Люцынскага павету.
Карыстаючыся тым, што ў большасьці беларускіх парахвіяў да гэтага часу бацюшкі вялікаросы, ён з іх дапамогай, а таксама і з дапамогай сваіх падручных па разьліўцы піва, павёў у гэтых парахвіях агітацыю супраць беларускае мовы, выкладаньня яе ў школах, падбухторываў бацькоў на рожныя ў гэтым сэньсе заявы і пастановы. Некаторыя з вучыцялёў вялікаросаў, да гэтага часу працуючых у школах (як напрыклад вучыцель Біручынскі ў Старой Слабадзе), ахвотна яму дапамагалі.
Такім чынам у знамянітым партфэлю гр. Корэцкага прыбавілася яшчэ адна папка—„Просьбы бацькоў аб пераробцы беларускіх школак у расейскія“.
Гэтымі просьбамі гр. Корэцкі прабаваў ужо апэраваць у Сойме мінулым летам, дамагаючыся зачыненьня Беларускага Аддзелу.
Сойм не зьвярнуў увагі на гэтыя дамаганьня, бо роля Корэцкага ў фабрыкацыі ўсіх гэтых просьбаў усім была ясная.
Цікава пры гэтым падкрэсьліць, што гр. Корэцкі адважыўся ня толькі падгатаўляць гэтыя просьбы, але меў бязстыдзтва з Соймавай трыбуны завяраць, што ніколі сам ня быў у раёне гэтых школак і нават ня ведае, „дзе яны знаходзяцца“.—І гэта пасьля таго, як ён некалькі разоў сам асабіста чытаў у Старой Слабадзе рожныя даклады і закладываў тамака чарговы пададдзел „Нацыянальнага Дэмакратычнага Хаўрусу“.
Для характэрыстыкі гэтага „дзеяча“ трэба дадаць, што ён зусім не затрымліваецца ў выбары сабе супрацоўнікаў у працы. Гэтак правая рука яго ў Дзьвінску, старшыня Дзьвінскага Аддзелу Хаўрусу, гр. Васільляў аказаўся душагубам-грабежцам, якому пагражае палявы суд.
(Далей будзе).
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…