Ад прадстаўнікоў украінскага праваслаўнага насяленьня—украінскіх паслоў ды сэнатараў у Польскім Сойме і Сэнаце—да Яго Высоканайасьвячонасьці, Мітрапаліта Дзяніса.
Уладыка!
12-га красавіка г. г. праваслаўныя япіскапы ў Польшчы, на чале якіх Вы стаіцё, увялі ў царкоўнае жыцьцё нашага народу праваслаўнага важную зьмену, г. ё. пастанавілі ўсе непераходныя праваслаўныя сьвяты сьвяткаваць не па старому, традыцыяй народу асьвячонаму, Юліянскаму календару, а па календару новаму—Грыгарыянскаму.
Ня спытаўшыся ў народу, ня лічучыся з паглядам усяго духавенства, якое стаіць блізка да народу, без аб‘ектыўнае падрыхтоўкі да адпаведнага вырашэньня справы на Саборы, ці прынамсі на зьездах, як належыць вырашаць важныя царкоўныя пытаньні паводле духу саборнасьці ды практыкі праваслаўнае царквы, а па-дыктатарску ўвялі праваслаўныя япіскапы навіну, якая пярэчыць звычаям і вытварыўшамуся праз вякі рэлігійна-бытавому сьветапагляду нашага народу.
Самахоць аднэй рысай пяра Вы, Уладыка, а з Вамі і рэшта залежных ад Вас Япіскапаў накінулі нашаму народу такое, што будзе мець для яго вялізарныя нэгатыўныя вынікі.
У XVI—XVII сталецьцях, у часе першага інтэнсыўнага націску ворагаў на наш народ, таксама было высунута каляндарнае пытаньне, таксама пэўныя дзеячы ў дзяржаве Польскай імкнуліся, хочучы палянізаваць наш народ, накінуць яму новы стыль. Але супольнымі высілкамі продкаў нашых, аб‘яднаных у брацтвы, адважнымі пратэстамі лепшых прадстаўнікоў тагачаснага духавенства, мужнымі іэрархамі, якія чарпалі сілы з веры ў Бога ды ў народ, не дайшло да ўвядзеньня ў жыцьцё гэтае „пакусы нашае веры“, як называе Грыгарыянскі каляндар гарачы патрыёт і вядомы украінскі палеміста XVI стал. манах Іван Вішэнскі. У гэтай збавіцельнай цьвёрдасьці нашых продкаў дапамаглі ім праз свой аўтарытэт усходнія патрыярхі. Імя вядомага патрыярха таго часу Кірылы Лукарыса, які нейкі час жыў у Астрозе, блізка зьвязана з палемічнаю дзейнасьцю вучоных прафэсароў Астрожскае Акадэміі ды іншых абаронцаў „рэлігіі ўсходняй“, якія з вартай прыкладу гарачнасьцю і адвагаю выступілі проціў небязьпечных новых рэформаў, у тым ліку і проціў лацінскага календара.
І тады, у часе асаблівага панаваньня грубага самадурства ды езуіцкіх падвохаў з аднаго боку і пэўнае інэртнасьці ды нацыянальнае несьвядомасьці народнае масы—з другога, нашыя продкі ўсёжткі здалелі абараніць асьвячоны старадаўнасьцю і народнаю псыхікаю свой каляндар так, што, зьяднаўшыся часткай у догме із Рымам, народ наш нязьменна захаваў яго, як захаваў і іншыя вонкавыя адзнакі свайго „благочестия“, і нават у вуніі з царквою рымска-каталіцкаю заховывае яго і па сяньняшні дзень, як адзін з асноўных вянцоў яго рэлігійнае і нацыянальнае незалежнасьці.
У нашыя часы ізноў ідзець націск на наш народ. Ува ўсіх праявах яго жыцьця вядзецца націск з тэй мэтай каб аслабіць яго народныя сілы, каб паступова пазбавіць яго нацыянальнае незалежнасьці ды аканчальна яго спалянізаваць. Дзеля гэтага робіцца націск і на яго царкоўна-рэлігійнае жыцьцё. Робіцца націск з асьцярогаю, але па пляну, пачынаючы са спробы нівэляцыі на грунце адзіннага царкоўнага каляндару. Зразумела, што Вам, Уладыка, каму прыйшлося стануць на чале няшчаснае праваслаўнае царквы нашага народу пад Польшчаю, у гэты небясьпечны час, трэба было-б стаяць на старане сваёй праваслаўнай паствы, у тым ліку нашага народу украінскага, які складае большасьць праваслаўных у Польшчы, ды ўсюды і заўсёды бараніць царкоўныя інтарэсы гэтае паствы і зьвязаныя з імі інтарэсы нацыянальныя; трэба было-б сьмела і аўтарытэтна папераджаць усе справы пасяганьня на праваслаўную царкву і царкоўна-народны ўклад.
Нажаль, Вы з самага пачатку ня вытрымалі націску, націску без параўнаньня меншага, чым той, які быў у XVI—XVII стал., лёгка падаліся яму. Вы, Мітрапаліт праваслаўнае царквы, якой і польская канстытуцыя і міжнародныя трактаты загарантавалі пэўныя правы і вольнае выкананьне рэлігійнае практыкі, бяз ніякага адпору і зусім легальнае барацьбы, а з пакорнасьцю звычайнага ўрадоўца, таксама лёгка адступілі перад урадам у справе календару, як лёгка адступаеце перад ім і ў іншым: у пытаньні аб мове выкладаньня ў духоўных школах і сэмінарыях, у справе адбіраньня і высьвянчаньня на касьцёлы цэркваў, якія ніколі ня былі касьцёламі, у справе рэдукцыі праваслаўных парахвіяў ды зводу іх да мінімальнага ліку і г. д.
Ступень за ступеньню Вы робіце ўсё новыя адступкі і, такім чынам, дапамагаеце падкопываць грунт пад народам, на якім ён пакуль што стаіць цьвёрда, накідаеце народу непажаданыя для яго новыя рэформы і, такім чынам, раскладаеце яго еднасьць, аслабляеце яго сілы.
Здаецца—ясна, што ў такой справе, як новы каляндар, справе не догматычнай, але зьвязанай з народнымі звычаямі, Вам трэба было-б спытацца ў самога народу, ці згаджаецца ён яго прыняць для сваей царкоўна-рэлігійнай практыкі, якая складае вельмі далікатную праяву народнае душы; трэба было-б азнаёміцца з думкаю духавенства ў гэтай справе, якое стаіць да народу бліжэй за Вас, чужога для народу нашага і сваім паходжаньнем, і моваю, і звычаямі.
Бо сьвядомы ў сабе і ў сваей веры народ наш і блізкае да яго духавенства таксама ёсьць сябрамі тае духоўнае грамады, якая празываецца царквой; тут на зя млі, ды йшчэ ў варунках пэўнае палітычнае сітуацыі, яны ёсьць сябрамі царквы, якая празываецца „ваяўнічаю“, і ня могуць дазволіць накідаць сабе нешта новае і небясьпечнае, хаця-ж бы гэта йшло і ад япіскапаў.
Але Вы не захацелі склікаць ані Сабору, ані нават звычайных зьездаў духавенства і веруючых, а самі вырашылі для народу нашага далікатную і, па сутнасьці, цяжкую справу календару, тую справу, над якой ламае цяпер галару спэцыяльная камісія пры Лізе Народаў,—і ў дадзеным прыпадку Вы зрабілі ўчынак, згодны не з жаданьнямі народу, а з жаданьнямі ўраду, якому звычайна лягчэй даваць пэўныя загады беспасярэдна Вам і праз Вас кіраваць праваслаўнай царквой, як яму падабаецца, чымся лічыцца з Саборам, на якім сабраныя ня так ужо лёгка пагодзяцца з розныямі праектамі ўраду і належным спосабам дадуць адпор ініцыятарам небязьпечных новых рэформаў. З намі, абранцамі нашага народу, сябрамі Сойму і Сэнату, якім народ перадаў правы стаяць між іншым на абароне яго царквы, Вы таксама не знайшлі патрэбным паразумецца, падзяліцца сваімі намерамі ды даведацца праз нас думку народу, бо баіцёся наклікаць на сябе гнеў нашага цяперашняга обэр-пракурора—Міністра Рэлігіяў за зносіны з людзьмі, якія маюць магчымасьць казаць праўду і праз гэта востра крытыкуюць урад за яго экстэрмінацыйную палітыку ў аднасінах да народу нашага.
Не знайшлося ў Вас сьмеласьці стануць проціў вымаганьняў улады, не хапіла рашучасьці стаяць на грунце ўсходняга абраду ды праз вякі зложанай царкоўнай практыкі, ня стала ў Вас адважлівасьці ў разе чаго і ў адстаўку выйсьці. Перамагла ў Вас, манаха, прыхільнасьць да ўлады, да хатняга камфорту і ўсіх выгад бязтурботнага жыцьця, да тых „благъ тленныхъ“, што цякуць да Вас і з дзяржаўнай казны і з усіх Вашых сінэкураў-манастыроў, зьнішчаных праз Вас царкоўных лясоў і з розных падаткаў, пад цяжарам якіх стогне духавенства і парахвіі. Вы адступілі перад урадам, парушыўшы адну з галоўных асноваў праваслаўнае царквы, яе саборнасьць, і, назваўшы свой Сынод саборам япіскапаў, зьдзейсьнілі волю ўраду, вырашыўшы перайсьці на новы стыль з нядзелі Усіх Сьвятых, г. ё. з 9-га чэрвеня стар. стылю, загадаўшы лічыць гэты дзень 22-ім днём месяца чэрвеня.
Але Вам трэ‘ было аперціся ў такой важнай справе на нейкі аўтарытэт, ды самі Вы нібыто не маглі ўвясьці зьмены ў каляндарным стылю дзеля таго, што, хаця-ж гэтая зьмена, як сказана ў „Дзеяньнях“ Сыноду, які быў названы на гэты раз Саборам япіскапаў, і не зачапляе сутнасьці праваслаўя, але, у кожным разе, перавышае кампэтэнцыю Асьвячонага Сыноду і вымагае благаслаўленьня і аўтарытэту усяленскага Канстантынопальскага Патрыярха. Дзеля таго Вы робіце ссылку на ліст Грыгора VII, Канстантынопальскага Патрыярха, ад 5-га сакавіка 1924 г. № 389.
Няма што й казаць пра тое, што аўтарытэт Усяленскага Патрыярха, да рэчы, Патрыярха тэй царквы, якая таксама, як і нашая праваслаўная царква ў Польшчы, перажывае вялікі крызіс, бо апынулася ў моцных руках свайго турэцкага ўраду; аўтарытэт гэны ў дадзеным прыпадку не на мейсцы таму, што нашая царквэ, як бы там ня было, фармальна належыць да Патрыярха Маскоўскага, і ў дадзеным прыпадку зусім натуральным было-б з боку Асьвячон. Сыноду праваслаўнае царквы ў Польшчы жаданьне аўтарытэту і благаслаўленьня Патрыярха Ціхана, імя якога памінаецца ўсюды ў нас у часе службы Божае. Але Вы гэтага благаслаўленьня для вырашэньня справы, якая перавышае кампэтэнцыю Вашага Сыноду, чамусь не пажадалі. Калі Вы ўжо спынілі з Маскоўскім Патрыярхам „общеніе“, то калі і на падставе якога кананічна праўнага акту было гэта зроблена? Апроч таго, у лісьце Патрыярха Грыгора VII ніякага благаслаўленьня і няма, а ёсьць адно толькі давядзеньне да ведама, што ў Канстантынопальскай царкве па пэўных прычынах уведзены новы стыль, а такое благаслаўленьне, як Вы ў „Дзеяньнях“ слушна кажаце, абавязкова патрэбна. З гэтае прычыны ліст гэты ня ёсьць якім небудзь аргумэнтам, а словы пастановы Сыноду: „сыновне прывѣтствовать отеческое попеченіе Святѣйшаго Вселенскаго Патріарха о благѣ святыхъ Божіихъ помѣстныхъ церквей и о нуждахъ—вечныхъ и временныхъ чадъ этихъ церквей, любезно—о Господѣ, уставившемъ времена и лѣта для славы Своей, принять отечески братское письмо Его Святѣйшества и его Патріаршее и Синодальное посланіе и возвѣстить эти акты попечительной любви верным чадамъ Христовой церкви Вселенскаго Престола всѣмъ пастырямъ и пасомымъ Православной церкви въ Польшѣ“, ёсьць залішне схслястычным наборам слоў з мэтай схаваць тую адсутнасьць лёгікі, якая месьціцца ў пастанове Сыноду, што ўводзіць і ў нашае царкоўнае жыцьцё новую рэформу беднае, маленькае, прыгнечанае, хаця-ж і з голасным тытулам усяленскае, царквы Канстантынопальскае, і ў супярэчнасьці з ясным супорам Патрыярха Маскоўскага Ціхана. („Церк. Вѣдом.“ № 7 и 8).
Што-ж гэта за важныя прычыны, якія прымусілі Вас увясьці ў кяляндары новы стыль і аж на 13 дзён скараціць гадавы круг праваслаўных службаў Божых? Асьвячоны Сынод паказвае на „мѣстныя экономическія причины, а часто непреодолимыя затрудненія, неудобства и лишенія для православнаго населенія Польши въ праздновании праздниковъ по старому стилю“. У адказ на гэта можна сказаць, што кіравацца на матывы эканамічнага характару ў справе зьмены рэлігійна-царкоўнага парадку і на іх грунтавацца адпавядае камусь іншаму, а толькі не іэрархам праваслаўнае царквы. Апроч таго практыка жыдоўскага грамадзянства, якое жывець шмат вякоў сярод мора народаў хрысьціянскіх, грамалзянства пераважна гандлёвага, якое бязспрэчна мае шмат эканамічных ды іншых перашкод ад таго, што іх сьвяты ня сходзяцца з сьвятамі хрысьціянскімі, ёсьць доказам таго, што людзі з цьвярдымі рэлігійнымі і нацыянальнымі паглядамі ня йдуць так лёгка на прынады ўсялякіх „удобствъ“, а зносяць „неудобства“ ды „лишенія“ дзеля захаваньня нязьменным чагось больш важнага.
Кожнаму зразумела, што ў цяперашніх варунках палітычнага жыцьця нашага народу злучэньне дзён праваслаўных і каталіцкіх сьвятаў можа й дасьць каму небудзь пэўную матар‘яльную выгаду, але затое будзе першым крокам да рэлігійнага і нацыянальнага падпарадкаваньня праваслаўных украінцаў, беларусаў ды расейцаў каталіком—палякам, будзе йшчэ аднэй небясьпекай, ад якіх наш народ у працягу сваей доўгай і шматпакутнай гісторы заўсёды заўзята бараніўся. Асабліва гэтая небясьпека пагражае нам на тых абшарах нашае зямлі украінскае, дзе народ наш мае блізкі сутык з чужаверная каталіцкаю стыхіяй, г. ё.—у Холмшчыне і ў Падляшшы.
Але Вы, Уладыка, самі добра ведаеце, што ня гэты матыў быў рашучым у Вашай дэцызіі замяніць стары стыль на новы. Жаданьні Польскага Ураду—вось што было рашучым матывам. Урад, які паступова старается пры дапамозе ўсялякіх распараджэньняў і зьменаў ў жыцьці нашага народу палянізаваць яго, захацеў, каб Вы ўвялі новы стыль,—і Вы яго паслухаліся. Ці-ж Вы, Праваслаўны Мітрапаліт, так сама, як і Урад, хочаце рабіць над нашым народам дэнацыяналізуючы нас экспэрымэнт? Кажаце адкрыта і рознымі „причинами“ ды фразамі не старайцесе прыкрываць процінароднага дзеяньня, бо ўсё так ясна, як дзень Божы. Калі-ж зла народу Вы рабіць ня хочаце, але, разумеючы шкоду, якую яму прыносіце, робіце гэта толькі „страха ради іудейска“, то… Вы не на мейсцы. У гэты цяжкі час, які перажывае наш народ, на архірэйскіх катэдрах патрэбны адважныя пастыры, а ня трусы, верныя слугі сваей царквы, а ня найміты, аданыя сваей веры дый ідэі, а ня нікчэмныя кар‘ерысты, якія баяцца нават выявіць голас перад начальнікам дэпартаманту ці ваяводай, каб часам не пазбавіцца ўсіх выгад архірэйскага жыцьця.
Нават просты наш народ, які вычувае галоўную мэту зьмены календару, са страхам глядзіць на тое, да чаго прыкладаюць свае рукі праваслаўныя архірэі. Ён уважае гэта за пачатак вуніі; ня тэй вуніі, аб якой і царква нашая моліцца ў словах „о соединеніи святыхъ Божіихъ церквей“, а вуніі горшага сорту, вуніі, якая мае на мэці яго палянізацыю. Увядзеньне Вамі календарнага наватарства разыходзіцца з народнымі яго звычаямі і абрадамі, якія прыдаюць праваслаўнай рэлігіі высокапаэтычны калярыт і служаць моцнай падставай трываласьці і самаго праваслаўя. Калі сельскія сьвяшчэньнікі, спаўняючы Ваш наказ, нехаця і нясьмела пачалі ўжо азнаямляць народ з новым стылем, то народ, пачуўшы пра тое, што Спаса прыдзецца сьвяткаваць на два тыдні раней, пытаецца: „што-ж мы будзем сьвяньціць на Спаса? яблыкі, грушкі, якія тады йшчэ не пасьпеюць, вянкі збожжа, якое йшчэ непажатым стаіць у полі, ці можа маладую бульбу? Вось-жа пераход сьвяткаваньня праваслаўных сьвятаў на новы стыль ужо забівае народны, праз вякі зложаны абрад, ужо выкрэсьліваець адну з адзнакаў яго народнае асаблівасьці. Для народу украінскага гэтая зьмена прыносіць шкоду тым большую, бо выкопываець яшчэ большую яму паміж дзьвюма яго часткамі — праваслаўнаю і уніяцкаю.
Пры большай адважлівасьці і апоры на народ Вы, Уладыка, і ў Польскай дзяржаве, канстытуцыя якой ды міжнародныя трактаты забязьпечываюць поўную свабоду веры і вольнае выкананьне царкоўнае практыкі, а значыцца і сьвяткаваньня сьвятаў па правілах праваслаўнае царквы, здалелі-б быць зусім незалежным ад уплыву ўраду ў сферы сваей рэлігіі, як незалежнай ёсьць тут царква ня толькі каталіцкая, але й жыдоўская. Але прызвычаенасьць баяцца і слухацца ўлады сьвецкай, якая цягнецца з часоў царскага рэжыму, зрабіла з Вас рабоў і польскае канстытуцыйнае ўлады, і Вы пакорна творыце яе волю, спаўняеце яе наказы, ў супярэчнасьці часам і з ўласным пераканьнем, у супярэчнасьці з жаданьнем усіх праваслаўных людзей. У пастанове аб пераходзе на новы стыль Сабор япіскапаў між іншым дадае: „о семъ постановленіи Св. Синода довести до свѣденія и Высскаго Правительства Польской республики — на предметъ подлежащихъ распоряженій въ порядкѣ опубликованія сего постановленія и установленія за нимъ гражданско государственной значимости“. Вось-жа Вы і ў гэтым прыпадку, не давяраючы свайму духоўнаму аўтарытэту, шукаеце дапамогі ў разпараджэньнях сьвецкае улады. Улада гэта — ведама, дасьць Вам сваю дапамогу. У XVI стал. ў часе барацьбы за каляндар, аб чым казалася ўжо спачатку, улада ў шмат якіх мяйсцох зачыняла цэркві й не дазваляла ў іх званіць у дні сьвятаў па старому стылю.
Нешта падобнае будзе ўлада рабіць і цяпер, абы толькі прымусіць народ да сьвяткаваньня па стылю новаму. Яна выдасьць адпаведныя разпараджэньні дзеля санкцыі Вашых пастановаў аб сьвяткаваньні сьвятаў непераходных, а з часам захоча такой самай уніфікацыі сьвятаў пераходных, зьвязаных з Вялікаднем.
Пытаемся ў Вас, Уладыка: ці ўсё гэта спрыяець кансалідацыі веруючых з іх іэрархіяй? Ці не памяншыцца пасьля гэтага аўтарытэт Ваш, іэрархіі і ўсяго духавенства? Ці ня станецца пасьля гэтага сярод народу йшчэ большы прастор для розных сэктаў, якія будуць руйнаваць і рэлігію і нацыю? Што скажаце на гэта Вы, Архірэй, якога паставілі пасьвіць слаўнае стада ды заховываць яго цэласьць?
Нічога Вы ня скажаце іншага, як толькі тое, што ўжо неаднакроць мы ад Вас чулі: „Что-же дѣлать! Правительство желаетъ этого!..“
Усё гэта мы павінны ўрэшце сказаць Вам, Уладыка, а праз Вас і іншым япіскапам, адкрыта, бо гэтага вымагае ад нас нашае сумленьне ды мільёны праваслаўных людзей, прадстаўнікамі якіх прыйшлося нам стацца ў гэты час. Павінны заявіць усенародна, што Вы сваей пастановай аб увядзеньні новага стылю зрабілі праступленьне і проціў правоў народу. Самачынна, пад пэўнай прэсіяй Вы ўводзіце ў царкоўнае жыцьцё нашага народу тое, што можа быць уведзена толькі паводле саборнае волі самога народу і з благаслаўленьня таго Патрыярха, які стаіць на чале нашае царквы. А такім Патрыярхам ёсьць пакуль што Ціхан Маскоўскі, а ня Грыгор VII Канстантынопальскі.
Справіць гэтае праступленьне можна толькі зьняўшы пастанову аб пераходзе на новы стыль ды перадаўшы вырашэньне каляндарнага пытаньня Сабору. На Саборы, скліканым правільна і вольна, згодна з духам і практыкай нашае праваслаўнае царквы, з удзелам веруючых, як духоўных так і сьвецкіх, можна толькі вырашыць справу замены календару Юліянскага Грыгарыянскім, як роўна і цэлы рад іншых пякучых царкоўных справаў.
Ось-жа адмяніць сваю пастанову аб увядзеньні ў царкоўнае жыцьцё календару па новаму стылю, а так сама без‘адкладна склікаць Сабор для вырашэньня ўсяго комплексу справаў, зьвязаных з праваслаўнай царквой у Польшчы, — мы Вас, Уладыка, заклікаем. Калі Вы не забыліся тых абавязкаў, якія Вы ўзялі на сябе, прыймаючы сан эпіскапскі, калі ў Вас ёсьць яшчэ сумленьне і Вы ясна прадстаўляеце сабе, якую шкоду робіце каляндарнаю пастановаю ды розныімі іншымі нашаму народу, то Вы павінны гэта зрабіць. У праціўным прыпадку Вы ня ёсьць запраўдным пастырам народу нашага, а толькі наймітам—урадоўцам, праз якога ўлада сьвецкая праводзіць сваю палітыку, шкодную для народу нашага. Такі архіпастыр ня можа мець нічакага аўтарытэту; яго разпараджэньні будуць спаўняцца толькі пад прымусам сьвецкай іншаверной улады, і чым далей такі Архіпастыр будзе сядзець на катэдры мітрапаліта, тым большую шкоду народу ды яго царкве ён прынясець.
Варшава, 11 чэрвеня 1924 г.
Міхал Чаркаўскі, Галава Украінскае Парлямантарнае Рэпрэзэнтацыі. Сяргей Хруцкі, Галава Украінскага Соймавага Клюбу. Пасол В. Казубскі, заступнік Галавы Украінскае Парлямантарнае Рэпрэзэнтацыі. Андрэй Братунь, пасол. Алена Леучаніўская, сэнатар. Д-р Васіль Дмітрыюк, пасол. Сэнатар Л. Маркович Аляксандар Карпінскі, сэнатар. Максім Чучман, пасол. Макоўка Сьцяпан, пасол. Павал Васільчук, пасол. Самойло Підгірскі, пасол ад Валыні. Сяргей Назарук, пасол Сойму з Валадзіміршчыны. Сымон Любарскі, пасол Сойму ад Холмшчыны. Юрка Цімашчук, пасол. Антон Васільчук, пасол. Іван Пастэрнак, сэнатар. Гіляры Паўлюк, пасол з Астрогу.
Да гэтага пісьма ад прадстаўнікоў украінскага праваслаўнага насяленьня далучаюць свой голас, пратэстуючы проці ігнараваньня голасу праваслаўнага беларускага народу ў справах праваслаўнай царквы, і паслы і сэнатары Клюбу Беларускага: Вяч. Багдановіч, сэнатар П. Р., член Ўсерасс. Царк. Сабору, Міх. Кахановіч, пасол. В. Рагуля, старшыня Белар. Клюбу, Пётра Мятла, пасол. Сымон Рак-Міхайлоўскі, пасол. Уласаў, сэнатар.
Вполнѣ раздѣляя соображенія, изложенныя в настоящем письмѣ, относительно антиканоническаго, антисоборнаго способа разрѣшенія такого исключительной важности вопроса, как введеніе новаго стиля в православной церкви в Польшѣ, как равно и относительно всей церковной политики и жизни православной церкви в Польшѣ за послѣдніе три года,—от имени русскаго національнаго меньшинства присоединяемся к настоящему письму.
Николай Серебренников, депутат Сейма, бывшій предсѣдатель православнаго церковнаго совѣта в Польшѣ. Сенатор Матвѣй Касперович.
З арыгіналам згодна:
Сэкрэтар Украінскае Парлямантарнае Рэпрэзэнтацыі
В. Косоноцькій.
Ліст гэты перададзены Мітрапаліту асабіста па паўдні 12 г. м. Зараз-жа пасьля падпісу сабраліся украінскія паслы і сэнатары на надзвычайнае паседжаньне абгаварыць утвараўшуюся сітуацыю. Адначасна мелі паседжаньне паслы і сэнатары беларускія.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…