Жыровіцкі праваслаўны манастыр ёсць адна з найвялікшых сьвятынь беларускага народу, а па свайму цантральнаму палажэньню нават займае першае мейсца для праваслаўных беларусаў. Фундатарам гэтага манастыра быў Аляксандар Солтан, продак і да гэтага часу яшчэ досыць вядомага ў Польшчы былага беларускага, але цяпер ужо спольшчанага роду Солтанаў. Збудаваны гэты манастыр яшчэ ў 1470 г. на мейсцы — як наказывае мяйсцовае паданьне — зьяўленьня цудоўнага абраза Боскай Маткі. Абраз гэты пад час эвакуацыі вывезены быў у Маскву, а ў манастыры ў гэты час знаходзіцца толькі копія. Гэта сьвятыня заўсёды зьбірала і цяпер зьбірае ў пэўныя дні (23-га красавіка, 7-га траўня і др.) шмат (тысячаў да 10—12) народу ў Жыровіцы амаль не з усей Беларусі…
У пачатку XVII в. (ў 1613 г.) манастыр Жыровіцкі, як і дужа многа другіх праваслаўных манастыроў, быў захоплены праз уніятаў, у руках якіх знаходзіўся да самага 1839. З гэтага часу Жыровіцы ўзноў зрабіліся цэнтрам праваслаўнага жыцьця Беларусі, бо тут была катэдра праваслаўнага мітрапаліта. Манастыр быў адным з цэнтраў прасьветы з самых даўных часоў, яшчэ да уніі. За часы уніі там была адчынена гімназія, а потым духоўная сэмінарыя, пераведзеная толькі ў 1845 г. ў Вільню ў Сьв.-Траецкі манастыр, заместа чаго там была адчынена духоўнае вучылішча. Насяленьне мястэчка Жыровіц і ўсіх аколіц яе — сплашное беларускае, нават сплашное праваслаўнае. Ня лічучы прышлага элементу (паліцыя, урадоўцы ўсяго асоб дзесяць), у Жыровіцах толькі чатыры каранныя жыхары каталікі: адзін мужчына і тры кабеты. Ня гледзючы на гэта, пасьля вайны мяйсцовае каталіцкае духавенства адабрала ў праваслаўных адну царкву, а пасьля мяйсцовая ўлада адабрала і аддала ў карыстаньне палякам зямлю, лясы, гароды, адзін сад, палову другога і большасьць будынкаў. У быдынку былога духоўнага вучылішча зьмяшчаецца ў гэты час прытулак. Дзеці ў прытулку былі праваслаўныя і яшчэ ў папярэднім годзе іх вадзілі ў праваслаўную царкву на набажэнствы і да споведзі. Але з гэтага году водзяць ужо ў касьцёл, які зроблены з захопленай царквы і, як апавядае людзнасьць наша, усіх, апрача чатырох альбо пяцёх старэйшых, якія яшчэ трымаюцца ўпарта сваей веры, перарабілі на палякоў. Вучаць дзяцей, вядома, толькі папольску.
Беларускае пасяленьне, як у самых Жыровіцах, так і ў аколіцах, дужа стэрорызована ўціскам паліцыі, нават да таго, што баіцца жаліцца на розныя тварымыя там над ім надужыцьці. Дзякуючы гэтаму, маленькая жменька палякоў-каталікоў, якая знаходзіцца ў Жыровіцах, безкантрольна там пануе, захоплівае колькі хоча манастырскай зямлі і будынкаў, а на жалабы праваслаўных паліцыя адмаўляецца нават і састаўляць пратаколы. Але ўсё-ж любоў да сваей гістарычнай сьвятыні і нацыянальнае, а таксама і рэлігійнае пачуцьцё, змусіла іх падаць на бязпраўныя захваты скаргу ў Беларускі Пасольскі Клюб, які ў справе гэтых надужыцьцяў зрабіў інтэрпэляцыю да міністра.
2-га траўня дайшлі да Беларускага Пасольскага Клюбу весткі, што на 4-га траўня гатуецца захват другой Жыровіцкай царквы. Клюб неадкладна камандзіраваў у Жыровіцы аднаго з сваіх сяброў, сэнатара Багдановіча, які зрабіў 3. V. інтэрвэнцыю ў Слонімскага старосты, і той абяцаў зрабіць пэўныя крокі, каб папярэдзіць магчымасьць захвату, і запраўды паслаў у Жыровіцы 4-га траўня свайго ўрадоўца. Нападаў на царкву ў гэты дзень ня было, але ўсё-ж у часе, калі ішло праваслаўнае набажэнства і ўсе манахі былі ў царкве, некалькі жыровіцкіх палякоў з адным прыездным са Слоніма афіцэрам, як паказывалі сьведкі, — у прысутнасьці 2-х паліцыянтаў і ксяндза, — зьбілі з 2-х манастырскіх брамаў замкі, а тых сялян, якія выпадкова былі гэтаму сьведкамі, пачалі арыштоўваць і не заарэштавалі, дзякуючы толькі прысутнасьці і адпаведнай інтэрвэнцыі пасланага Клюбам сэнатара. Аб усім гэтым састаўлены быў пратакол па запатрабаваньню настаяцеля манастыра архім. Ціхана і сэнатара Багдановіча. Пад час царкоўнай бяседы і мітынга, які быў зроблены сэн. Багдановічам, народ дужа скардзіўся на ўціскі пры наборах падатку, асабліва пры ацэнцы зямлі, і ў адносінах да царквы. З гэтае прычыны ўсе жывуць там пад пэўным страхам ці арэштаў, ці пабояў, ці адабраньня ўласнасьці. Між іншымі падаў адзін з маладых тамашніх жыхароў скаргу аб тым, што, змушаючы яго прызнацца ў тым, чаго ён не рабіў, паліцыя дужа катавала яго.
В. Б.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…