Зусім зразумелым і — у нармальных абставінах—зусім слушным зьяўляецца імкненьне да ўзаемнага збліжэньня народаў, якім даводзіцца з тае ці іншае прычыны жыць пад аднэй дзяржаўнай страхой. Такое імкненьне выяўлялі заўсёды паняволеныя народы царскае Расеі. Такое-ж імкненьне выявіла нядаўна група беларускіх і польскіх грамадзкіх дзеячоў, якая заснавала ў Вільні Польска-Беларускае Таварыства.
Але тое, што натуральна ў нармальных абставінах, зусім немагчыма і нерэальна ў тых абставінах, якія стварыла для беларускага насяленьня польская дзяржава. І нарадзіны Польска-Беларускага Т-ва пры сучасных беларуска-польскіх адносінах зразу-ж выклікалі варожыя адносіны да гэтае спробы як з боку ўцісканых беларускіх масаў, так і з боку панюючага над намі польскага грамадзянства.
Хто памятае, як польская старана груба сарвала спробу беларуска-польскага супрацоўніцтва на грунце чыста навуковых дасьледаў (справа „celi Konrada“), калі вынікі гэтых дасьледаў паказалі ўсім бязглузадае злоўжываньне навукі дзеля брудных палітычных мэтаў польскага нацыяналізму,—той ня мог верыць у разьвіцьцё Польска-Беларускага Таварыства нават у самых вузкіх рамках дзейнасьці. І вось яно завяла, не пасьпеўшы расцьвісьці, не здалеўшы нават афіцыяльна адкрыцца….
Гэта—важны паказчык таго, да якога абастрэньня дайшлі ўжо беларуска-польскія адносіны. І адносіны гэтыя, ня гледзячы на бутафорскія нарады аб „санацыі“ справы „нацыянальных меншасьцяў“ Польшчы, з кожным днём абастраюцца ўсё больш і больш, а „гаспадары палажэньня“, якія так урачыста заклінаюцца перад французскімі „прыяцелямі“, што „белага тэрору“ ў Польшчы няма, — адначасна прыдумываюць і пускаюць у ход новыя мэтады барацьбы, уціску і зьдзеку над „меншасьцямі“.
З зьменшчаных у гэтым нумары інтэрпэляцыяў нашых паслоў відаць, што ня толькі беларусы, па стараму, пазбаўляюцца грамадзкіх правоў у Польшчы, забясьпечаных Міравымі Трактатамі (гл. інтэрпэляцыю ў справе Гаўрылы Косьцевіча), ня толькі ўрадсўцы, якія ўжо фармальна аддадзены пад суд за катаваньне насяленьня, дастаюць вышэйшыя становішчы (гл. інтэрпэляцыю ў справе Кухэйды), ня толькі палітычным вязьням без дай прычыны ўзьдзяваюць кайданы (гл. інтэрпэляцыю ў справе пасла Барана), — але на барацьбу з беларускім насяленьнем і яго выбранцамі—паслами выпускаюцца арганізаваныя банды аружных вайсковых асаднікаў, якія—з ведама і з учасьцем паліцыі—робяць напады на пасольскія вечы, пагражаючы „недатыкальным“ паслом-беларусам (гл. інтэрпэляцыю ў справе нападу паліцыі і асаднікаў у Пружане).
Апошні факт тым больш красамоўны, што ён не адзінокі: такі-ж факт гвалтоўнага разгону беларускага пасольскага веча, як чытаем у другой інтэрпэляцыі нашага Пасольскага Клюбу, меў месца 8 мая г. г. ў Даўгінаве, і мясцовая ўлада тлумачылася, што Вялейскаму Старосьце даў адпаведны загад п. Дэлегат Ураду ў Вільні.
Чыннае выступленьне вайсковых асаднікаў на барацьбу з беларускім насяленьнем раскрывае ўрэшце ўсе закулісныя камбінацыі аўтараў закона аб вайсковым асадніцтве: цяпер ясна кожнаму, з якімі мэтамі сялілі сярод нас сотні і тысячы асаднікаў. І мы павінны цяпер прыпомніць, што гэтую варожую нашаму народу сілу стварыла ўся польская большасьць Сойму, не выключаючы ні правых, ні левых!
Ясна, што не пара цяпер шукаць „паразуменьня“ нават з найбольш дэмакратычнымі польскімі групамі — хоць-бы толькі на грунце культурнага збліжэньня. Яшчэ не супакоіўся ў Польшчы шал дзікога нацыяналізму, што агарнуў блізу ўсё польскае грамадзянства. Яшчэ нацыяналістычная рэакцыя ня йдзе на убыль, а, наадварот, усё крапчэе. І ў такі мамэнт усе спробы збліжэньня беларускага і польскага грамадзянства зьяўляюцца бясплоднымі і напярод засуджанымі на няўдачу: ня можа быць збратаньня між рабом і яго прыганятым!
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…