Адзінкі і дзяржавы дужыя, моцныя ніколі не баяцца прызнацца да зробленых абмылак. Ілжа і мана—гэта аружжа слабых, сьвядомых свайго бязсільля.
Гэтая гістарычная праўда сама сабой прыходзе на думку, калі глядзіш на патугі польскага грамадзянства запярэчыць ачывістым фактам, зьмешчаным у пратэсьце французскіх грамадзкіх дзеячоў проці „белага тэрору ў Польшчы“. Польскія рэакцыянеры—сучасныя паны палажэньня ў Польшчы, як відаць, дужа добра разумеюць, што іх сіла, іх панаваньне — ужо нядоўгія. Разумеюць, што толькі ілжой і маной яны йшчэ могуць нейкі час абдурываць і свой народ, і заграніцу, — але ўсяму гэтаму хутка прыйдзе канец. І, у поўнай сьвядомасьці сваей слабасьці і нядоўгавечнасьці, быццам мухі пад восень, яны кусаюцца тым больш балюча, ды бзыканьнем сваім хочуць заглушыць крыкі тых, каго кусаюць. Сымвалічным для польскае рэакцыі зьяўляецца той начальнік паліцэйскага „постэрунку“, які, як выкрыла соймазая камісія пана Тугута, у часе катаваньня арыштаваных загадываў музыцы іграць, каб ня чутно было крыкаў ягоных ахвяр….
Гэтак ілжа і мана „правіцы“, якая тужыцца паказаць, быццам „на Шипке все спокойно“, для нас зусім зразумелыя. Гісторыя паказуе, што паміраючая ўлада бывае заўсёды найгоршая. Але зусім незразумелым зьяўляецца становішча, занятае ў справе французскага пратэсту лідэрам польскае „лявіцы“, п. Тугутам: прэтэндэнты на ўладу, якія на сваім штандары пішуць лёзунг: „Rząd robotniczo-włościański“ (П. П. С.) і ў часе выбараў у Сойм сулілі народу залатыя горы („Вызволене“), пайшлі па тэй самай дарозе, па якой ідзе „правіца“, і гэтак сама, як польская рэакцыя, баяцца сказаць праўду аб сучаснай Польшчы. І ў гэтым мы можам бачыць хіба толькі адно: пачуцьцё, што і яны ня маюць пад сабой моцнага грунту ў народных масах, бо сьвядома вялі ўвесь час гэныя масы не дарогай барацьбы за іх вызваленьне—да поўнае і аканчальнае перамогі, а дарогай вечных кампрамісаў з істнуючым палажэньнем, дарогай прымірэньня з тым, што ёсьць,—за ўсякую цану….
Праўда, і сярод польскае „лявіцы“ пачынаюць ужо зьяўляцца галасы пратэсту проці палітыкі п. Тугута і яму падобных. І сярод дзеячсў „Вызволеня“, якое на нашых вачох разваліваецца, знаходзяцца людзі даволі моцныя і дужыя, пэўныя, што іх імкненьні і імкненьні народных масаў—згодныя між сабой. І гэтыя адзінкі сьмела глядзяць праўдзе ў вочы і публічна заяўляюць: непавінны мы ў крыві і сьлёзах катаваных!
Мы з вялікім здаваленьнем адзначаем выступленьне на старонках часопісі „Wyzwolenie Ludu“ пасла Рудзіньскага, які сцьвярджае праўдзівасьць закідаў, зробленых у французскім пратэсьце пануючай у Польшчы рэакцыі. „У розных галінах жыцьця мы маглі-бы паказаць рэакцыйныя мэтады, якія пярэчаць асноўным паняцьцям людзкасьці, а нават усяму здароваму разсудку“, — піша пасол Рудзіньскі і заклікае да барацьбы з захватніцкімі імкненьнямі і дзікім обскурантызмам чорнае рэакцыі. Мы вітаем здаровую польскую народную мысль, якая зьмешчана ў выступленьні п. Рудзіньскага і прадстаўляе запаведзь нарадзін новае польскае „лявіцы“.
Адначак, такія выступленьні ў польскім грамадзянстве — толькі лічаныя. Затое выкрыкі і сьвядома ілжывыя „пратэсты“ проці высока гуманітарнага выступленьня французскіх сацыялістаў у абарону правоў беларусаў і другіх уцісканых меншасьцяў Польшчы — чытаем кожын дзень. Да гзтай кампаніі проці праўды далучылася нават і польская навука….
Якія-ж вывады з усяго гэтага для нас, беларусаў?
Вывады тутака могуць быць два. Першы: што пры сучасным стане і сучасных настроях вялізарнае большасьці польскага грамадзянства і прадстаўнікоў яго ў Сойме нельга спадзявацца на якую-колечы перамену ў палажэньні нашага народу пад Польшчай, бо гэтае палажэньне прызнана гэнай большасьцяй „ідэальным“. Другі вывад датычыць тых беларусаў, якія, веручы ў прыхільнасьць да нашага народу і шчырасьць польскае афіцыяльнае „лявіцы“ з п. Тугутам на чале, пайшлі ў рады польскае дэмакратыі—ці то на выбарах у Сойм (па сьпіскам „Вызволеня“), ці то ў апошнія часы — на грунце „Беларуска-польскага таварыства“, што пры найлепшых пажаданьнях бязсільна даць нейкія практычныя вынікі і толькі выкарыстоўваецца польскай рэакцыяй дзеля баламучаньня заграніцы, быццам запраўды „на Шипке все спокойно“. Запраўды, пара, даўно пара паслом-беларусам з партыі „Вызволене“ паправіць сваю абмылку і пакінуць недастойную „службу“ у чужых, — тым больш, што гэная партыя дажывае свае апошнія дні…. Пара і ўсім беларусам наагул узыйсьці ўрэшце на свой уласны шлях—шлях беларускіх працоўных масаў!
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…