Гісторыя Архівы

Справа Паўла Латышэнкі

У Варшаве трэці раз збіраліся судзіць архімандрыта Смарагда ў справе забойства мітрапаліта Юрыя. Суд адклаў працэс: не прыйшлі галоўныя сьведкі, у тым ліку архірэі, а адзін з іх не атрымаў выклік.

Справа Паўла Латышэнкі

20 г. м. Варшаўскім Акружн. Судом павінна была ізноў, ужо трэці раз, разглядацца справа аб забойстве архім. Смарагдам Варшаўскага мітрапаліта Юрыя.

Апошні раз, 26 лістапада м. г., справа была адложана з супольнай згоды старон: пракурору не хапала галоўных сьведкаў абвінавачаньня; абарона, крытыкуючы паўгадзінную „экспэртызу“ нейкага паліцэйскага дохтара, дабілася ад суду назначэньня — дзеля правільнай экспэртызы—найлепшых варшаўскіх спэцыялістаў і аддачы абвінавачанага пад нагляд і дасьлед у псыхіятрычную бальніцу ў Творках.

Гэтая экспэртыза шасьцёх найлепшых польскіх спэцыялістаў прызнала Паўла Латышэнку зусім здаровым умыслова, зусім разумеўшым усё тое, што чыніў у мамэнт забойства, нават здольным кіраваць сваімі чынамі, але з поўным абмяжаваньнем…

Гэтак кажа пратакол экспэртызы.

Дзеля гэтага новы акт абвінавачаньня блізу паўтарае першы: П. Латышэнку закідаецца забойства дзеля асабістых парахункаў вышэйшага ўрадоўца ў часе спаўненьня яго службовых абавязкаў. Пры гэтым акт пазываецца і на ведамы арт. 15 Пераходн. Правілаў, паводле якога найвышэйшай карай зьяўляецца кара сьмерці…

20 чэрв. з агульнай лічбы больш 60 сьведкаў не зьявіліся ізноў найбольш важныя,—паміж імі „служка“ мітр. Юрыя, Кастэцкі, які першы ўбачыў увесь абраз пасьля забойства, і ўсе 4 архірэі, з якіх найважнейшым для абароны зьяўляецца б. Гродзенскі архірэй Уладзімер.

Вельмі цікава, што Кастэцкаму, як высьветліляся, ня ўручана павестка, дзеля таго па закону ня можна было на судовым сьледзтве навет агаласіць яго паказаньні ў сьледчага.

Што датычыць архіяп. Уладзімера, дык яму, ня гледзячы на загад незалежнай і паўнамоцнай у Рэспубліцы Польскай судовай улады, забараніў выезд з „свайго“ павету пан староста,—прадстаўнік, відаць, яшчэ больш незалежнай і паўнамоцнай на „Крэсах“ улады адміністрацыйнай…

Адсутнасьць гэтых галоўных сьведкаў і змусіла абарону дамагацца адкладу справы, і суд здаволіў гэтае дамаганьне.

Трэба дадаць, што толькі дзякуючы выразнай заяве абаронцы Врублеўскага, падаўшага суду прычыну адсутнасьці сьведкі арх. Уладзімера, будзе (калі будзе!..) ушанавана павага судовае ўлады ў Польскай Рэспубліцы; абаронца патрэбаваў, каб суд прымусіў прадстаўніка адміністрацыі падпарадкавацца абавязковым для апошняй загадам судовай улады.

А пан пракурор (сам пракурор Варш. Судов. Вокругу п. Рудніцкі!) змушаны быў толькі згадзіцца з абаронцам, але свайго пачыну ў абароне аўтарытэту судовае улады ня выявіў.

Каментары