Каністру з бэнзінам і піратэхнічнымі вырабамі выявілі раніцай 1 лістапада каля царквы Сьвятога Сэрца Ісуса ў бэльгійскім Антвэрпэне. Паведамленьне пра знаходку паступіла ў паліцыю ў нядзелю каля 08:00 па мясцовым часе (10:00 па Менску). Каністра стаяла перад храмам на вуліцы Ланге Бэлдэкенсстрат, да яе была прымацаваная піратэхніка.
На месца прыбылі спэцыялісты па абясшкоджваньні выбуховых прыладаў (DOVO), крыміналісты і супрацоўнікі службы грамадзянскай абароны. Пра гэта, спасылаючыся на бэльгійскі тэлеканал VRT, паведамілі беларускія выданьні. Вуліцу на некаторы час перакрылі.
Сілавікі паведамілі пра затрыманьне аднаго чалавека. Яго датычнасьць да здарэньня высьвятляецца. У затрыманага забралі аўтамабіль. Расьледаваньнем займаецца Фэдэральная пракуратура Бэльгіі.
У храме праходзяць набажэнствы Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Па нядзелях там служаць літургіі па-беларуску, але нядзельную службу давялося скасаваць: паводле сьвятара Івана Майсейчыка, праз праверку пасьля паведамленьня пра магчымую бомбу.
Сьвятар напісаў, што ў гэты дзень каля царквы адбыўся трывожны інцыдэнт. Ён падзякаваў Богу, што ўсё абышлося і ніхто не пацярпеў, а таксама паліцыі і спэцслужбам «за хуткае рэагаваньне і клопат пра бясьпеку людзей» (пераклад).
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…