Генэральная пракуратура Беларусі адмовілася выдаць Літве блогера і актывіста Антанаса Кандротаса, вядомага таксама як Цэлафанас. Пра гэта 5 лістапада паведаміла прэс-служба Міністэрства юстыцыі Літвы.
Запыт пра выдачу літоўскае ведамства накіравала ў Генпракуратуру Беларусі ў жніўні. Працэс экстрадыцыі Мінюст пачаў па хадайніцтве Каўнаскага акруговага суду; пра адмову беларускага боку міністэрства паведаміла гэты суд.
У чэрвені Апэляцыйны суд Літвы прыгаварыў Кандротаса да 3.5 году пазбаўленьня волі па справе пра фінансавыя злачынствы: гаворка пра незаконны гандаль паліва і ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Прыгавор набыў моц, але не можа быць выкананы, пакуль Кандротас знаходзіцца за межамі Літвы.
Незадоўга да фінальнага судовага працэсу Кандротас парушыў меру стрыманьня і паехаў у Беларусь. Ён знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд па справе пра парушэньне грамадзкага парадку, а ў пачатку траўня сам паведаміў, што знаходзіцца ў Беларусі. Паводле паведамленьняў дзяржаўных СМІ Беларусі, 3 траўня ён прыехаў у Менск.
У Беларусі Кандротас даў інтэрвію дзяржаўным прапагандыстам, дзе прадставіў сябе «палітычным уцекачом». Ён раскрытыкаваў літоўскія ўлады і заявіў пра фіктыўны характар прэтэнзій, на якіх заснаванае крымінальнае перасьледаваньне. З тых часоў ён неаднаразова зьяўляўся ў беларускіх прапагандысцкіх праграмах.
Каўнаскі акруговы суд выдаў эўрапейскі ордэр на арышт Кандротаса 29 чэрвеня 2026 году. Віцэ-міністар юстыцыі Літвы Мартынас Дабравольскіс заявіў: «Літва імкнецца да таго, каб А. Кандротас адбыў прызначанае яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, у сувязі з чым былі прынятыя ўсе меры. Выдадзены эўрапейскі ордэр на арышт дае магчымасьць затрымаць асобу, як толькі яна апынецца на тэрыторыі Эўразьвязу або яго партнэраў».
Гэта не адзіная справа Кандротаса. У верасьні 2025 году яго асудзілі на 4 гады за ўдзел у беспарадках ля Сэйму ў 2021 годзе, у сакавіку 2026 году — на 1 год па справе пра падбухторваньне да нянавісьці да былога члена Сэйму і парушэньне грамадзкага парадку. Абодва прыгаворы абскарджаныя і моцы не набылі. Раней ён сядзеў у турме, але ў 2025 годзе быў вызвалены датэрмінова.
У жніўні 2026 году Мінюст Літвы накіраваў Менску афіцыйны запыт пра экстрадыцыю.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…