Сойм Латвіі 29 кастрычніка прыняў папраўкі да закону аб Дзяржаўнай пагранічнай ахове. Паводле іх, пры ахове дзяржаўнай мяжы латвійскія пагранічнікі змогуць прымяняць зброю не толькі для самаабароны, але і для адбіцьця нападу на аб’ект інфраструктуры пагранічнай службы, паведамляе ўкраінскае выданьне pravda.com.ua.
Перад галасаваньнем, як паведамлялася, профільны камітэт Сойму падтрымаў пашырэньне паўнамоцтваў. Паводле гэтых зьвестак, пагранічнікі змогуць ужываць агнястрэльную зброю, фізычную сілу, спэцсродкі, выбуховыя рэчывы і службовых сабак для абароны аб’ектаў, што ахоўваюцца, і пагранічнай інфраструктуры.
Згодна з папраўкамі, для адбіцьця нападу на аб’ект, які ахоўвае пагранічная служба, або на інфраструктурны аб’ект дзяржмяжы пагранічнікі змогуць прымяняць фізычную сілу, спэцыяльныя прыёмы барацьбы, спэцсродкі, зброю і службовую сабаку.
Зброю можна будзе прымяняць без папярэджаньня, калі ў канкрэтнай сытуацыі папярэдзіць немагчыма. Старшыня камісіі па пытаньнях абароны Раймонд Бергманіс заявіў, што папраўкі пашыраюць магчымасьці пагранічнікаў неадкладна спыняць парушэньні.
Калі пры ўжываньні зброі чалавек паранены або загінуў, пагранічная ахова мусіць неадкладна, але не пазьней як праз 24 гадзіны паведаміць пра гэта ў пракуратуру.
Раней падобныя меры дапускаліся толькі ў абмежаваных выпадках, напрыклад пры адбіцьці нападу.
У ноч з 5 на 6 кастрычніка, паводле паведамленьня pravda.com.ua, людзі ў масках спрабавалі пераправіць у Латвію 20 нелегальных мігрантаў. Тыя, хто іх суправаджаў, пагражалі вайскоўцам, якія не прапусьцілі групу. Празь некалькі гадзін людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі і пашкодзілі інфраструктуру.
Адказнасьць за інцыдэнт узяла на сябе малавядомая група «Чорныя русы». Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што за інцыдэнтам стаіць Масква. Аляксандар Лукашэнка, наадварот, абвінаваціў латвійскі бок у інсцэніроўцы здарэньня дзеля атрыманьня грошай ад ЕС.
У жніўні 2023 году Латвія, усьлед за Польшчай, нарошчвала сілы каля мяжы зь Беларусьсю: пагранічная ахова з 15 жніўня праводзіла дадатковую мабілізацыю пагранічнікаў і зьвярнулася па дапамогу да ўзброеных сілаў і нацыянальнай паліцыі.
Апроч таго, Латвія плянуе на год падоўжыць забарону на нерэгулярныя аўтобусныя рэйсы ў Расею і Беларусь. Абмежаваньні будуць дзейнічаць з 1 лістапада 2026 году да 31 кастрычніка 2027 году.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…