Аргентынскі банк Galicia з 28 кастрычніка закрывае рахункі расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Першыя скаргі кліентаў зьявіліся 28—29 кастрычніка, а паводле зьвестак недзяржаўных беларускіх выданьняў, частку рахункаў банк закрыў без папярэджаньня.
Паводле паведамленьняў прыватных беларускіх выданьняў, якія працуюць у краіне, рахункі фізычных асобаў, зарплатныя і карпаратыўныя рахункі перасталі адлюстроўвацца ў дадатку, а апэрацыі па іх сталі недаступныя. Грошы можна зьняць у аддзяленьні банку. Сярод пацярпелых — грамадзяне Беларусі, Расеі, Украіны і Казахстану.
Абмежаваньні закранулі і тых, хто атрымаў аргентынскае грамадзянства: у іх у месцы нараджэньня пазначана адна з закранутых краінаў. Адзін кліент расказаў, што ў яго адключыліся два рахункі, месца нараджэньня — Беларусь, аформлены ён быў на «permanente» — сталы дазвол на пражываньне. Ўдзельніца зь Беларусі паведаміла, што афіцыйна працуе ў мясцовай кампаніі і два гады атрымлівае зарплату на картку. Іншы кліент напісаў, што крэдытная картка пакуль працуе, а дэбэтавыя — не.
Кліенты банку скардзяцца на блякаваньні і сьцьвярджаюць, што яны закранулі людзей, зьвязаных з Расеяй, Украінай і Беларусьсю.
Амаль 500 беларусаў і расейцаў рыхтуюць калектыўны іск, каб высьветліць прычыны блякаваньняў. Пацярпелыя зьбіраюцца ў тэлеграм-чаце «Заблякаваныя ў Galicia», дзе абмяркоўваюць іск. Па стане на 1 лістапада ў чаце было каля 600 чалавек, але не ва ўсіх рахункі спынілі працу.
Афіцыйнай пазыцыі Galicia наконт блякаваньняў няма. Адзін з кліентаў паведаміў, што служба падтрымкі адказала яму: «рахункі былі закрытыя паводле камэрцыйнага рашэньня банку». Кліентам прапануюць зьняць грошы наяўнымі.
Гэта не першы выпадак, калі банкі абмяжоўваюць доступ беларусаў да грошай. У сьнежні 2022 году Bank of Georgia масава закрыў рахункі грамадзянам Беларусі і Расеі без тлумачэньня прычын і даў пяць дзён на вывад сродкаў. У лістападзе 2025 году Revolut заблякаваў рахункі некаторым кліентам зь Беларусі і Расеі.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…