Беларускія мітынгі-зьезды.
▪ 22 гэтага траўня, ў дзень праваслаўнага сьвята (сьв. Мікалая) адбыўся ў Наваградку зьезд сялян-прадстаўнікоў ад гмінаў Наваградзкага павету. З прамовамі на зьездзе выступалі беларускія дэпутаты Міх. Кахановіч, Вас. Рагуля, Ант. Аўсянік і сэнатар Ал. Назарэўскі.
▪ 25 гэтага траўня адбудзецца беларускі мітынг у Пружанах. З прамовамі выступяць нашы дэпутаты Фаб. Ярэміч, Пав. Валошын і др.
▪ 5 чэрвеня адбудуцца беларускія мітынгі ў Мядзеле і Дунілавічах. З прамовамі выступяць дэпутаты: кс. Ад. Станкевіч, П. Мятла і сэнатар Вяч. Багдановіч.
▪ Беларускі спектакль у вастрозе. Як мы даведаліся, адбыўся 7. IV. 24 г. беларускі спектакль ў Наваградкім вастрозе, дзе поўна напакавана беларускае інтэлігэнцыі і сялян. Уласнымі сіламі нарыхтавала група вязьняў прадстаўленьне. Ставілі пьесу „Міхалка“. Згуляна была пьеса добра.
▪ Арышт камуністычнае друкарні. Віленскія газэты паказываюць, што віленскай паліцыі пад кіраўніцтвам камісара Олендзкага ўдалося разбіць віленскую камуністычную арганізацыю. Арыштавана каля ста асоб, якіх падазраваюць у прынадлежнасьці да камуністычнай партыі. Аднак, падазраньні гэныя далёка не заўсёды абасноўваны, бо ўжо шмат каго звольнілі з вастрогу.
Надовячы паліцыя арыштавала нейкую патайную друкарню, якая быццам-то прывезена з Бэрліну. Як піша „Dz. Wil.“, друкарня была яшчэ не распакаваная. Дык узьнімаецца пытаньне, як-жа ў ёй рабіліся камуністычныя друкі, аб якіх піша „Dz. Wil.“, раз друкарня была нячынная?!
▪ У Віленскім Апэляцыйным Судзе 27. V. 24 г. будзе разглядацца справа Міколы Якімовіча з Горадні, які Горад. Акр. Судом быў засуджаны на 2½ гады крапасьці. Абаронцамі маюць выступіць віленскія адвакаты Т. Врублеўскі і С. Міцкевіч.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…