Гісторыя Архівы

Дзьве ноты

Радавы ўрад паслаў Варшаве ноту аб парушэньні 7-га артыкула Рыжскага трактату, а Варшава адказала, што не прызнае падставы для дыскусіі. Мурын прыпамінае, што падобны пратэст ужо прыйшоў і з Захаду.

Дзьве ноты

Амаль не адначасна з вядомай „нотай пратэста“ проці „белага тэрору“ ў Польшчы, якая, можна сьмела сказаць, прадстаўляе голас усяе заходня-эўрапэйскае апініі, толькі сфармуляванай у адозве найвыдатнейшых дзеячоў Францыі,—польскі ўрад атрымаў зусім аналягічную на маральнаму сэнсу, але шмат мацнейшую па сваей юрыдычнай сіле, ноту пратэсту проці гвалтаў і зьдзекаў над беларусамі і украінцамі—ад Усходу, ад ураду суседняга з намі вялікага Саюзу Радавых Рэспублік.—Мы пакуль што ня маем поўнага тэксту гэтай ноты; дзеля таго даем яе зьмест па тых вестках, што зьмешчаны ў польскіх газэтах.

Радавы ўрад сьцьвярджае, што Польшча сыстэматычна нарушае і зьвяла да нуля ўсе тыя забавязаньні і гарантыі, якія яна падпісала ў Рыжскім Трактаце.

Арт. 7 Трактату як быццам зусім ня істнуе для польскага ўраду.

Вельмі цікава, што нота Чычэрына менш вінаваціць ува ўсіх гвалтах, зьдзеках і самаволі ніжэйшых прадстаўнікоў адміністрацыі, а ўскладае ўсю віну на тых „найвышэйшых прадстаўнікоў цантральных уладаў Польскай Рэспублікі“, якія зьяўляюцца запраўднымі вінавайцамі нарушэньняў Трактату, бо ў сваіх частых прамовах „аўтарытэтна“ абвяшчалі, што толькі грамадзянін паляк зьяўляецца „прыраджоным гаспадаром у Польшчы“ і мае ўсю паўнату правоў, а рэшта грамадзян непалякі,—быццам аддадзены гэтаму „гаспадару“ толькі пад больш-менш лагодную апеку, залежную ад іх павядзеньня і правамыснасьці…

Гэткім чынам цэлая траціна раўнапраўных паводле законаў грамадзян Польскай Рэспублікі найвышэйшымі ўладамі Краю была прызнана абмежаванай у сваіх правох, раўнуючы да ўпрывілеяванага польскага насяленьня.

Нота Чычэрына даводзіць усё гэтае, пазываючыся на вядомыя кожнаму беларусу прамовы п. Прэзыдэнта Польскай Рэспублікі і колішняга прэм'ера ген. Сікорскага.

Далей нота прыводзіць цэлы рад гвалтаў, учыненых у адносінах да ўкраінцаў і беларусаў органамі паліцыі, адміністрацыі і арміі, востра крытыкуе загады і практыкі польскіх уладаў у галіне асадніцтва, а таксама школьную і царкоўную палітыку.

Кажучы аб палажэньні праваслаўнае царквы ў Польшчы, нота сьцьвярджае, што „гарантаваны ў п. 3 арт. 7 прынцып няўмяшацельства ўладаў у справы і жыцьцё царквы і рэлігіўных грамадаў астаўся выпаўненым толькі ў самым Трактаце“…

Нота падкрэсьляе рад „замахаў на рухомую і нярухомую маемасьць праваслаўнай царквы, пры гвалтоўных пераробках правасл. храмаў на касьцёлы“.

Гэтак сама нота адзначае ня столькі „эканамічныя“ (бо якія-ж даправды „эканомы“ гэтыя жаўняры-асаднікі?!), сколькі палітычныя і дэнацыяналізуючыя мэты асадніцкай палітыкі, якія зусім выразна гвалцяць наказаны арт. 7 Трактату.

Далей нота пратэстуе проці сталых рэпрэсіяў з боку ўладаў Польшчы адносна беларускай і украінскай прэсы.

„З усяго сказанага,—заключае нота, зусім ясна, што польская ўлада адкрыта паказала сваё нежаданьне выпаўняць прынятыя Польшчай на сябе падпісаньнем Рыжскага Трактату забавязаньні. Радавы ўрад ужо ня першы раз зварачае ўвагу польскага ўраду на поўнае ігнараваньне ім арт. 7 Трактату. Цяпер радавы ўрад змушаны яшчэ раз напомніць польскаму ўраду аб тым, што точнае і сталае выпаўненьне гэтага арт. 7 Трактату прадстаўляе канешны варунак дзеля устанаўленьня добрых адносінаў паміж абыдвума Краямі“…

Што-ж на гэтую ноту адказаў польскі ўрад? А вось што.—

„Польскі ўрад з прыкрасьцю бачыць, што ня можа прызнаць гэтай ноты за падставу да дзелавой дыскусіі“…

„Неўваходзячы ў ацэнку паднятых у ноце, пад відам арт. 7. Трактату, закідаў, польскі ўрад з усёй рашучасьцю адкідае іх, як спробу ўмяшацельства ў унутраныя справы Польскага гаспадарства“…

Далей польскі ўрад пратэстуе з свайго боку проці крытыкі нотай выступленьняў і прамоваў п. Прэзыдэнта і вышэйшых уладаў Рэспублікі.

У польскім адказе зусім не гаворыцца аб тым, што робіцца ў Польшчы, а гаворыцца палемічна аб тым, што робіцца ў С.С.Р.Р. дзе радавы ўрад ня толькі адносна да меншасьцяў, але і да сваей большасьці робіць горш за тое, проці чаго пратэстуе ў ноце да Польшчы.

У канцы польскі ўрад кажа, што і надалей ён будзе „пакідаць зусім без адказу“ ўсякія „безпадстаўныя, недапусьцімыя і незаконныя пратэнсіі, падаваныя быццам па моцы арт. 7 Трактату“.

Гэты адказ польскага ўраду запраўды павінен увайсьці ў гісторыю нашых… пасьляваенных часоў.

Насколькі закіды аб гвалтах „безпадстаўны“, аб гэтым добра ведае кожны беларус і украінец.

Насколькі гэтыя закіды „незаконны“, аб гэтым ясна гавора ня менш ясны зьмест арт. 7 Рыжскага Трактату, які зьяўляецца якраз „аснаўным законам“ рэгулюючым узаемныя абавязкі Польшчы і ССРР, які якраз дае права ўмяшацельства, ці абароны: Польшчы—польскай меншасьці ў ССРР, а ССРР—расейскага, украінскага і беларускага насяленьня ў Польшчы, закон, пад якім стаяць подпісы законных паўнамоцнікаў апошняй..

Насколькі-ж гэтыя закіды „недапусьцімы“, аб гэтым судзіць мы не бяромся“: гэта — справа таго, насколькі хто да каго і чаму мае ці ня мае пашану…

Адзначым толькі яшчэ раз, што адначасна і, відаць, таксама „безпадстаўную, незаконную і недапусьцімую“, бо зусім адналькавага зьместу, атрымала Польшча „ноту“ і з Захаду…

Мурын.

Каментары