Гісторыя Архівы

Эндэкі падбураюць войска

Віленская эндэцкая газэта ў перадавіцы заклікае армію да ўтрыманьня „ўнутранага ладу“. Аўтар заўважае, што гэта падбухторваньне войска супраць нацыянальных меншасьцяў і зьвяртае пытаньні да польскіх юрыстаў.

Эндэцкая газэта „Dziennik Wileński“ ў № 128 з 7 чэрвеня 1924 г. ў перадавіцы пад загалоўкам „Miecz i waga“ піша:

„Да вас прамаўляем, паны вайсковыя, якія істнуеце ня толькі дзеля параду трэцямайскага. Калі-ж ты, Польшча, пакажаш сваім замежным і ўнутраным ворагам свой мацарны кулак, калі скажаш: „Quos ego!“

Як відаць, „канстытуцыйных“ спосабаў гнібеньня „ўнутраных ворагаў“, проці якіх пратэстуе ўвесь культурны сьвет, польскім эндэкам яшчэ мала: яны падбураюць войска проці ўсіх тых, каго эндэкі лічаць „унутранымі ворагамі“,—ведама, перад усім проці ненавісных „нацыянальных меншасьцяў“….

У тэй-жа стацьці тая-ж газэта вітае зьехаўшыхся ў Вільні польскіх юрыстаў, як прадстаўнікоў права. Ня шкодзіла-б у іх запытацца: ці польскае права пазваляе падбураць войска проці спакойных грамадзян, абвешчаных эндэкамі за „ўнутраных ворагаў“?

Ня шкодзіла-б запытацца і ў пана міністра Замойскага: каму з суседзяў Польшча пагражае сваім „зялезным кулаком“?

Каментары