Паслоў з Беларускага Клюбу да п. міністра ўнутраных спраў — у справе біцьця паліцыяй Яна Міхальчыка і канфіскацыі дрэва на апал.
Дзяржаўная паліцыя на Беларускіх землях не перастае зьдзекавацца над беларускай люднасьцяй. Гэтаму перасьледаваньню падлягаюць навет сяляне, якія спакойна займаюцца работай на гаспадарчым полі.
Вось у месяцы сакавіку г. г. селянін Ян Міхальчык, селянін вёскі Залесьсе, Жыровіцкае гміны, Слонімскага пав., каб прыдбаць грошы на аплату падаткаў, вёз дровы на апал у м. Жыровіцы, купленыя перад тым у дварэ п. Ал. Мікульскага. Не даяжджаючы да Жыровіц, Міхальчыка затрымаў камандант мясцовага пастарунку і, праверыўшы квіт, пусьціў селяніна ў мястэчка. У м. Жыровіцах, аднак, ня гледзячы на довад уласнасьці дроў, паліцыянт № 1551 загадаў Міхальчыку весьці дровы на пастарунак і злажыць тамака. Праз некалькі дзён пацярпеўшы дастаў вызаў на пісьме, каб прыбыў на пастэрунак і забраў свае дровы. Аднак, замест выдаць дровы, Яна Міхальчыка завялі ў асобны пакой, дзе паліцыянт № 2487 збіў яго да паўсьмерці.
Дзеля вышэйшага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў пана міністра: 1) ці вядома яму вышэйшае? 2) ці маніцца ён пацягнуць да судовага адказу паліцыянтаў № № 1551 і 2487 за біцьцё селяніна Яна Міхальчыка і за бязпраўную канфіскацыю дроў? 3) ці маніцца нагародзіць маральныя і матэрыяльныя крыўды, учыненыя Я. Міхальчыку паліцыяй?
Варшава, 3 чэрвеня 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…