Паслы Ярэміча і тав. з Беларускага Клюбу да пана міністра ўнутраных спраў у справе аружнага разгону паліцыяй справаздаўчага веча ў м. Пружане і аб бандыцкіх нападах вайсковых асаднікаў на памянёнае веча.
6 мая г. г. ў м. Картуз-Бяроза Пружанскага пав. адбылося пасольскае справаздаўчае веча, на якім мясцовае жыхарства было апавешчана, што 25 мая г. г. ў м. Пружане мае адбыцца справаздаўчы зьезд для Пружанскага павету, аб чым таксама павядомлена Староства.
Ужо раніцай 25 мая можна было бачыць гуляўшыя групы вайсковых асаднікаў, якія прыбылі ў Пружану, каб сарваць веча.
Прадстаўнікі мяйсцовага насяленьня Пружанскага пав., жадаючы быць на справаздаўчым вечы сваіх паслоў, зьявіліся даволі людна, бо ў лічбе звыш 2.000 дэлегатаў ад паадзінокіх вёсак прыбыла на зьезд. З увагі на такую лічбу дэлегатаў і труднасьці знайсьці адпаведнае памяшчэньне (паліцыя звычайна чапляецца да ўласьнікаў памяшчэньняў, дзе адбываюцца вечы беларускіх паслоў), зьезд быў адчынены пад адкрытым небам. Адчыняючы зьезд, я заявіў, што асаднікі, сабраныя ў Пружану ў вялікшай лічбе, маняцца сарваць гэтае веча. І запраўды ў часе першае прамовы пасла Валошына група асаднікаў пачала сьвістаць, пхацца праз народ да трыбуны,—але дэлегаты, стоючы мурам, не дапускалі авантурнікаў да мэты. Тады асаднікі, пабіўшыся на паасобныя баёўкі па 10—15 душ кожная, пад камандай старшых па чыну, у якіх былі чырвона-белыя перавязкі і какарды, распачалі арганізаваны напад на ўчасьнікаў веча.
Пачалі біць народ каменьнямі, кіямі і ручкамі ад рэвальвэраў. Калі беларуская люднасьць, на якую гэтак напалі, зьбіралася ўціхаміраць няпрошаных гасьцей—вайсковых асаднікаў, зьявілася конная паліцыя, якая, замест абязбройць асаднікаў, нарушаючых супакой, пачала атакаваць безбаронны народ, — разганяць учасьнікаў зьезду, б'ючы кольбамі па галовах, тварах і гдзе напала. У рэзультаце зьезд разагналі і арыштавалі некалькі асоб—учасьнікаў зьезду, між імі—ніводнага асадніка.
Пасьля разгону зьезду паліцыяй і арганізаванымі асаднікамі я зьвярнуўся да старосты. П. староста Гэль заявіў мне, што было ведама ўжо ў 9 гадз. раніцы аб нападзе асаднікаў, які меўся быць зроблены на справаздаўчы зьезд беларускіх паслоў. Аднак, п. староста не папярэдзіў мяне аб гэтым у 11 гадз. ў дзень зьезду, калі я гутарыў з старостай у справе веча, што мелася адбыцца.
Выявілася, што асаднікаў на 25 мая сьцягівалі ў Пружану з трох паветаў, а іменна: Пружанскага, Косаўскага і Дрогічынскага, і што п. староста добра ведаў аб мяркаваньнях вайсковых асаднікаў.
Значыць, адміністрацыйная ўлада, замест запэўніць супакой і бясьпечнасьць учасьнікам зьезду, была заадно з аружнымі бандамі вайсковых асаднікаў, дапамагаючы ім аканчальна зьліквідаваць зьезд. Гэтае здарэньне аканчальна пераканала ўсіх учасьнікаў зьезду і п. паслоў, што польская адміністрацыя на беларускіх землях ня хоча запэўніць публічнае бясьпечнасьці беларускай люднасьці, калі на апошнюю нападаюць польскія асаднікі, і, наадварот, органы публічнае бясьпечнасьці ідуць рука ў руку з напасьнікамі.
З прычыны вышэйсказанага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. Міністра: 1) ці маніцца спыніць у чыннасьцях п. старосту Гэля за ўчасьце ў аружным разгоне справаздаўчага веча? і 2) ці маніцца дапускаць арганізацыі вайсковых асаднікаў, што маюць на мэце рабіць напады на справаздаўчыя вечы беларускіх паслоў?
Варшава, 3 чэрвеня 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…