Паслы Ярэміча і тав. з Беларускага Клюбу да пана старшыні Рады Міністраў у справе выдаленьня з гарадзенскае паліцыі шподовніка Кухэйдо.
З прычыны наплыву скаргаў насяленьня гарадзенскага павету на біцьцё і катаваньне людносьці тамтэйшай паліцыяй „Соймавая Камісія дзеля разгляду надужыцьцяў адмініствацыі на Усходніх Крэсах“ 9-га траўня 1923 году паехала ў Горадню, каб праверыць пададзеныя факты. 10-га траўня камісія пад старшынством пасла Тугута была ў Марцінканскай гміне Горадзенскага пав. Камэндантам пастарунку ў гэтай гміне быў нейкі Кухэйдо; у гэтым пастарунку былі забіты двое людзей нібы-то за ўцяканьне. Соймавая Камісія гэтае справы ня высьніла, бо яна ўжо была пакіравана да пракурора. Затое Камісія выслухала да ста сьведкаў аб страшэнным і нялюдзкім катаваньні народу камэндантам пастарунку Кухэйдо.
Усе сьцьвердзілі, што Кухэйдо загадываў паліцэйскім катаваць людзей (біцьцё ў пяткі, нагайкамі і г. д.), а сам сядзеў і папіваў гарэлку пад музыку на „балалайцы“. Камісія аднагалосна сьцьвердзіла, што гэтак паступаць можа толькі хворы на разум, або садыст, і што для такіх людзей не павінна быць месца ў паліцыі. На запытаньне Камісіі ў Камэнданта паліцыі Горадзенскага пав., ці яму было ведама аб катаваньні людзей кам. Кухэйдо, павятовы камэндант заявіў, што такія факты яму вядомы і што ён з свайго боку пакіраваў гэту справу да пракурора і распачаў дысцыплінарную справу, а Кухэйдо адсунуў ад выпаўненьня чыннасьцей. Я асабіста быў перакананы, што Кухэйдо атрымае заслужоную кару, але аказалася інакш.
Праз нейкі час я даведаўся, што Кухэйдо атрымаў вышэйшае службовае становішча, чым ён меў раней, бо яго назначылі камэндантам адрэзку пагранічнае варты ў Горадзенскім пав. Справа гэтая была паднята на засяданьні Адміністрацыйнае Камісіі ў пачатку сёлетняга году, на якім быў і камэндант дзяржаўнае паліцыі п. Божэнцкі, каторы адказаў старшыні Камісіі: „Паней старшыня! Камэнданта Кухэйдо ў паліцыі ня будзе!“ Аднак, ані пастанова Соймавае Камісіі, ані абяцаньне пана камэнданта Божэнцкага нічога не памаглі. Кухэйдо да дня 17-га траўня г. г. найспакайней гуляе сабе ў паліцэйскім мундзіры, далей зьдзекуючыся над народам.
Дзеля вышэйшага інтэрпэлянты пытаюцца ў пана старшыні Рады Міністраў: 1) ці маніцца ён выдаліць з паліцыі Кухэйдо і аддаць яго судовай уладзе? 2) ці маніцца пацягнуць да адказнасьці камэндантаў паліцыі павятовай, ваяводзкай і камэнданта дзяржаўнае паліцыі п. Божэнцкага за дапусканьне праступных чыннасьцей Кухэйды?
Варшава, 6-га чэрвеня 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…