Гісторыя Архівы

Як вядзе сябе Нясьвіжская шляхта

Шляхта на Нясьвіжчыне помсьціць беларусам, якія бароняць сваіх паслоў, — піша на іх даносы. Праз такі данос тыдзень у арышце правёў Янка Новік з хутара Залуж’е.

Як вядзе сябе Нясьвіжская шляхта

Нясьвіжская шляхта страшэнна абурана на нашых беларускіх паслоў, якія 16 сакавіка ў Нясьвіжы на беларускім зьездзе рабілі справаздачу. Гэта справаздача не спадабалася, разумеецца, панам-абшарнікам, адміністрацыі, паліцыі і іншым, хто так ці інакш апякуецца тутэйшымі земляробамі-беларусамі. Засьцянковая шляхта таксама лічыць сябе палякамі і паўтарае ўсякую „брахню” на нашых паслоў, абзываючы нашых выбраньнікаў самымі няпрыстойнымі словамі. І лаюцца яны ўсюды. Калі-ж хто з беларусаў часамі адважыцца бараніць сваіх прадстаўнікоў, дык шляхта ўсякімі срэдствамі стараецца напакасьціць яму. Яны падаюць даносы ў паліцыю, што такі-то і такі ёсьць бандыта, бальшавік, лае польскую ўладу і агітуе проціў Польшчы.

І зусім вядома, што фальшыва абвінавачанага арыштоўваюць і водзяць па сьледчай паліцыі, каб той сазнаўся да якой „банды” належыць.

Гэтак было з адным сьвядомым беларусам Новікам Янкам з хутара Залуж’е Ланьскай гміны, які адважыўся бараніць гонар беларускіх прадстаўнікоў у Сойме. Суседняя шляхта зрабіла данос, і Новіка арыштавалі, але праз тыдзень звольнілі з-пад арышту, бо сьледавацель віны ў ім не знайшоў. А даносчыкі з шляхты застаюцца, вядома, непакаранымі.

Каментары