Гісторыя Архівы

Езуіты працуюць

Карэспандэнт з Ваўкавыску апісвае, як манахі-езуіты ціхамірна пашыраюць уплыў сярод праваслаўных, а польская ўлада высылае праваслаўнага сьвятара Занькоўскага. Аўтар бачыць у гэтым хітрую палітыку абмежаваньня праваслаўя.

Езуіты працуюць

(Карэспандэнцыя з Ваўкавыску).

Ад часу запанаваньня польскае ўлады на землях Заходняе Беларусі зьявілася тут цэлая хмара езуітаў і яўных і тайных, у форме манахаў і ксяндзоў і ў цывільнай вопратцы. Апошніх нямала ёсьць і на вышэйшых кіруючых становішчах у розных „urzędach“. Працу вядуць яны надта хітра, абдуманна, скрытна, так што рэдка можна яе вывясьці на сьвет, бо надта лоўка яны хаваюць канцы. Працу сваю з Вільні, Горадні і другіх буйных гарадоў нашага краю, дзе яны надта яе разьвілі, пашыраюць стала і сыстэматычна і на меншыя гарады і мястэчкі. У апошні час вялікую ўвагу зьвярнулі яны на Ваўкавыск, які стаўся буйным цэнтрам іхняй прапаганды. Каля 20 манахаў-езуітаў, якія аселі ў Ваўкавыску, працуюць без адпачынку, зьбіраючы на рэлігійную навуку асобна, то жанчын, то мужчын. Выведываючы ад першых усё, што робіцца ў іх вёсках і нават сем‘ях, яны пасьля, як усеведаючыя, намагаюцца рабіць пэўныя ўплывы і на мужчын. І ня можна ня сцьвердзіць факту, што на паасобных „авечках“—мужчынах вясковых уплывы іх адчуваюцца.

Дзякуючы раскладаючым адносінам Польскага Ураду да праваслаўнае царквы ў Польшчы, дзякуючы ўгодніцкаму і „смиренному“ адношаньню да гэтае палітыкі Ураду з боку праваслаўных архіерэяў, дзякуючы абядненьню і роспачы сярод вясковага праваслаўнага духавенства, манахі-езуіты надта хітра камбінуюць усё гэта ў сваей агітацыі, бэсьцяць у надта лойкі спосаб праваслаўных сьвяшчэньнікаў, паказываюць на развал праваслаўнае царквы і выхваляюць на фоне гэтага рэлігію каталіцкую, як пануючую ў Польшчы, якая — апрача збавеньня па сьмерці — дае значныя прывілеі ў Польшчы і пры жыцьці.

Адначасна езуіты, хітра працуючы ў школах, прытулках і ў розных узгадаваўчых інстытуцыях, стараюцца ўплываць на прадстаўнікоў польскае ўлады ў мэтах пераводу з аднэй парафіі ў другую праваслаўных сьвяшчэньнікаў, якія карыстаюцца пашанай сярод акалічнага праваслаўнага насяленьня, а то ухітраюцца паставіць справу так, што гэтых загнаных сьвяшчэньнікаў польская ўпада высяляе нават з граніцаў ваяводзтва. Пры гэтым робіцца ўсё так хітра-таёмна, што для староньняга вока зусім няведамы прычыны і асобы, якія вядуць падкопы і падкладаюць міны.

На жаль,—як і заўсёды бывае паміж прадстаўнікоў прыгнечанае рэлігіі ці нацыі,—знаходзяцца людзі, якія за сучавічную полеўку дапамагаюць мацнейшаму ў яго цраце, дык і тут, сярод праваслаўнага духавенства, знаходзяцца асобы, якія за мімалётную карысьць для сябе памагаюць праводзіць тайныя пляны ўсемагутнага тут езуітызму.

Жывым прыкладам усяго гэтага зьяўляецца адзін сьвяшчэньнік, які нядаўна вярнуўся з Расеі ў Ваўкавыск і пачаў дабівацца для сябе пасады сьвяшчэньніка Ваўкавыскае царквы. Яго візыты да „ўладу маючых“ зрабілі тое, што ён, хаця і прыбыўшы з Расеі, ды надта шыбка дастаў сабе прызнаньне польскага абыватэльства, пашану і уважлівасьць з боку мяйсцовых і цантральных уладаў. Адначасна ўладаю праводзілася і другая праца. Ад даўжэйшага часу, бо ўжо аж каля 30 гадоў, сьвяшчэньнікам у Ваўкавыску быў да апошняга часу Уладзімір Занькович, паважаны ў сваей парафіі духаўнік. Гэты стары і, здавалася, нікому ня шкодны чалавек жыў зусім спакойна, да таго спакойна і ціха, што польская ўлада дала яму ў 1922 годзе нават „dowód osobisty“ — пашпарт, бо ён быў прызнаны, як старажыл у Ваўкавыску, обыватэлем Польшчы. Але ён, як досыць уплывовы чалавек сярод праваслаўнае людначьці, быў некаму бяльмом на воку. Пачаліся прасьледаваньні. У 1923 годзе ўлада пазбаўляе Занькоўіча абыватэльства і выдаець прыказ аб высяленьні яго з Польшчы. Інтэрвэнцыя некаторых паслоў у Міністэрстве ў Варшаве затрымала на нейкі час высылку. Пачаліся паездкі Занькоўіча ў Варшаву, сьпісана было шмат паперы, страчана было шмат грошай на паездкі, на аплату ўсякіх штэмплёвых,—і ўсё-ж памысная вырашэньня справы ня відаць. Выганяюць цяпер гэтага Занькоўіча з царкоўнага дому і з парафіі. Горадзенскі архіерэй Аляксей з свайго боку забараніў яму выпаўняць абавязкі сьвяшчэньніка ў Ваўкавыску і назначыў на яго мейсца тага прыезднага з Расеі сьвяшч. Дружылоўскага. Улада польская забараніла Занькоўічу вясьці працу ў парафіі, зьвязаную з вядзеньнем мэтрыкаў, г. зн. хрысьціць, даваць шлюб і хаваць нябошчыкаў,—значыць, забараніла працу сьвяшчэньніка, як „urzędnika stanu cywilnego“.

Стары чалавек. сьвяшч. Занькоўіч апынуўся на вуліцы, на бруку, і вышэйшая царкоўная ўлада ў Польшчы не паўстае ў яго абарону, як і ўва ўсіх другіх справах, робленых у мэтах польскае палітыкі і каталіцкае рэлігіі на нашых землях.

Тонкую палітыку езуітаў праводзяць яўна на мейсцы і ў цэнтры польскія цывільныя ўлады, а людьнасьць нашая яшчэ дагэтуль не дагадаваецца, хто ў гэтым усім найбольш задаець тону і ціхачом кіруе. А трэба ведаць, што гэтую таёмную пружынку і складаюць езуіты.

Як ў сама апошні час стала вядомым, тая група манахаў-езуітаў, якія праводзілі ў Ваўкавыску сваю працу, павандравала цяпер кудысь-ці ў іншае месца. Незадоўга пачуем, мусіць, новыя скуткі іхнай працы на новым мейсцы.

* * *

У гэтай гісторыі з выганяньнем сьвяшч. Занькоўіча з межаў Польшчы, як „не абыватэля“ Польшчы, цікава адзначыць гэткія факты. Уладзімір Занькоўіч і радзіўся і сьвяшчэнствааваў увесь час ў Ваўкавыскім павеце, а, значыць па трактатам Версальскаму і Рыжскаму, а роўна і па польскім законам аб абыватэльстве яму зусім праўна прыслугоўвае права польскага абыватэльства.

Чаму-ж яму не прызнаюць гэтага права?

А дзеля таго, што — на падставе данясеньня ад Беластоцкага Ваяводы — „сьвяшч. Уладзімір Занькоўіч 1) дэмонстрацыйна не злажыў просьбы аб наданьні (?) яму абывательства; 2) агітаваў за беларускі сьпісак пры выбарах у Сойм і Сэнат і 3) што ня мае любасьці (?) да Польшчы“.

Дзеля чаго-ж было спадзявацца ўладзе просьбы ад Занькоўіча аб наданьні абывательства, калі яму яно прыслугоўвае, і рэч павінна ісьці толькі аб сцьверджаньні абыватэльства? Няўжо-ж з прычыны агітацыі Занькоўіча ў часе выбараў яго трэба выдаляць з Польшчы? калі так, дык трэ‘было-б выдаліць з Польшчы усіх каталіцкіх ксяндзоў палякоў, бо хто-ж найбольш агітаваў у часе выбараў, калі не ксяндзы-палякі?

А трэцяе абвінавачаньне — любасьць да Польшчы! — выглядае зусім незразумела. Кожная дзяржава можа вымагаць ад грамадзяніна толькі лёяльнага адношаньня да сябе, а любасьць, любасьць да дзяржавы… Э! „насільна мілым ня будзеш!“.

N.

Каментары