Гісторыя Архівы

Ох, гэтыя падаткі!

Ліст вяскоўца пра падаткі — гмінныя, павятовыя, зямельныя, маёмасныя, дзяржаўныя і прымусовую страхоўку. Рэдакцыя адказвае: страхоўку можна заплаціць і пасьля 1 чэрвеня, часткамі.

Ох, гэтыя падаткі!

Няма збавеньня, няма ратунку ад гэтых падаткаў. Мы ўжо ў вёсках стогнем ад гэтых падаткаў і думаем — ці не вымысьляець іх хто-небудзь той, хто хоча зусім пусьціць з торбай чалавека нашага па сьвеце. Прост — хоць выракайся сваей зямлі, хаты… Дапраўды і пальцаў не хапае пералічыць усе віды падаткаў: і на гміну, і на соймік павятовы, і зямельны падатак, і ад маемасьці наогул, і дзяржаўны, і дзяржаўнае тут яшчэ прымусовае страхаваньне! А тут яшчэ — кажуць людзі — што незабавам прыдзецца плаціць падатак нейкі ваяводзкі. Асабліва-ж дапякае цяпер гэтая страхоўка. Такую складку за год цяпер павызначалі, якой да вайны вялікай ніхто й ня сьніў. Бо жарты-ж?! Пудоў дваццаць жыта трэ’ было-б нашаму вяскоўцу прадаць, каб заплаціць страхоўкі ў год 70—75 мільёнаў. А дзе-ж узяць гэтульскі жыта ды яшчэ вясной, сёлятней вясной, такой позьняй?! А тут ганяюць, каб заплаціў чалавек страхоўку абавязкова да 1 чэрвеня, усю адразу. Калі меў чалавек які лішні пуд жыта (ды і хто меў лішні!), дык даўно прадаў на ранейшыя падаткі, а то каб купіць трохі саломы, каб выжывіць карову ці коніка да травы, а тут раптам — плаці страхоўку. І ліха яго ведае — што тут рабіць. Хоць кароўку бяры на вяроўку і цягні на рынак. Хоць і паном, здаецца, дастаецца, нібы енчаць і яны ды ўсё адцягаваюць сплату падаткаў, але-ж, урэшці-рэшт, ліха іх ня бярэць — прадаў лесу і ёсьць на падаткі, а дзе-ж узяць грошай нашаму брату, вяскоўцу-сярмяжніку, калі заработкаў нідзе няма, а калі і ўзаб’ешся дзе-небудзь на работу ў лесе на які тыдзень, дык-жа на дзённыя харчы там, дапраўды, не заробіш?

Вось гора настала гэтай вясной! Дальбог-жа — ня ведаю, ці пераможам яго?!

Рэдакцыя наша атрымлівае масу гэтых скаргаў на цяжар падаткаў для нашае вёскі, не аджыўшай яшчэ з прычынаў вайны і агульнага зубожаньня. Друкуючы — дзеля браку мейсца ў газэце — пакуль што толькі гэтую адну карэспандэнцыю ў справе падаткаў, паведамляем нашых чытачоў, што ў дзеле ўплаты сёлета страхоўкі ня ёсьць 1 чэрвеня апошняя дата. На падставе інфармацыяў, атрыманых намі з Dyrekcji Ubezpieczeń Wzajemnych у Вільні, паведамляем, што незаможныя вяскоўцы могуць выплаціць страхоўку і пазьней 1 чэрвеня, і што прадажы маемасьці гаспадара за няўплату да 1 чэрвеня страхоўкі ня будзе. Апрача таго зусім пэўна, што вызначаная на гэты год страхоўка будзе разложана прынаймней на 2 раты.

А што тычыцца наогул нязьмернага цяжару падаткаў для вёскі, дык тут мы нічога не паможам; адно можна сказаць: самі сабе дарадзьце!

Каментары