Высокая Палата! Міністэрства Унутраных Спраў—гэта тая крэпасьць, куды паветра звонку не даходзе, дзе засядаюць сабе на мяккіх дырэктарскіх крэслах людзі з старой, перажытай псыхікай. Мы зьяўляемся съведкамі жыцьцёвых выпадкаў, якія апераджаюць некаторыя ўставы, выданыя Соймам: жыцьцё йдзе ўперад! Аднак, усё гэта не абходзе гэных паноў, астаўшыхся дагэтуль вернымі традыцыям аўстрыйскае бюракраты. У аднасінах да нас, беларусаў, і да ўкраінцаў лінія паступаньня вызначана яшчэ ў 1920 годзе, пасьля падзелу Беларусі і зацьверджаньня Рыжскага Трактату. Гэтая лінія выражаецца ў некалькіх славах, а іменна: тую частку Беларусі, якую далучылі да Рэчыпаспалітай, трэба праглынуць, а ўсё, што тут ёсьць беларускага, што сьвята для гэтага народу беларускага, —гэта зьніштожыць і спольшчыць, ня гледзячы на тое, што па сягоньняшні дзень вельмі многа палітыкаў і сярод польскага грамадзянства кажуць, што Польшча ня здолее праглынуць гэтыя землі, і трэба лічыцца з іх насяленьнем. Аднак, гэта зусім не абходзе Міністэрства Унутраных Спраў. Цяпер, прашу Паноў, справа нацыянальных меншасьцяў з так званых Усходніх Крэсаў выходзе па-за межы Польскага Гаспадарства, выходзе на міжнароднае форум. Я ня вельмі спадзяюся, каб нехта прыйшоў і даў нам ды забясьпечыў магчымасьць свабоднага культурнага, сацыяльнага і палітычнага разьвіцьця,—але мы прыйшлі да аднаго перакананьня: мы прасілі, а цяпер ужо
прасіць ня будзем, а будзем браць!
Пераходзячы да спраў адміністрацыі, я павінен адзначыць, што ўсе беларускія газэты зачыняюцца, і то так, што Камісар Уряду, ці места Вільні, калі яму не спадабаецца адно слова, адно выражэньне ў газэце, зачыняе яе, ці эвэнтуальна канфіскуе і аддае справу ў суд. Суд апраўдывае, але гэта зьяўляецца для нас цяжарам, бо ня маем сваей прэсы, бо ўвесь час церпім зьдзекі. За гэты час зачынены шэсьць беларускіх газэт, сканфіскаваны нешта каля 60 нумароў. Ні ў воднай эўрапэйскай дзяржаве гэтага ня бывае.
Тое-ж бачым і ў аднасінах да школ. Не кажу аб школах наагул, бо гэта належыць да Міністэрства Асьветы,—аднак, Міністэрства Унутраных Спраў іграе тут вялікую ролю, бо ўсе вучыцялі, якія зьяўляюцца інтэлігенцыяй нашага народу, творчым мозгам гэтага народу, церпяць зьдзекі і прымушаюцца ўцякаць з свайго краю, пакідаць свае родныя хаты, каб трапіць недзе на чужыну.
Нашы таварыствы ня могуць дачакацца, каб іх легалізавалі. Нядаўна беларускія ксяндзы падалі на легалізацыю статут Таварыства Ксяндзоў-Беларусаў пад назовам „Сьветач“. І ім з усім цынізмам адказалі: „мы не зацьвярджаем, і гэта ёсьць астаточная пастанова, ды навет ня маеце права падавать да міністэрства“.
Прашу Паноў, я пераходжу да абывательства. Калі беларус хоча выбраць „dowód osobisty“, дык ён пападае ў блуднае кола. Яму трэ‘ ісьці да войта, ад войта да старасты, ад старасты да ваяводы, ад баяводы да рэфэрэнта, урэшце да міністэрства, а пасьля міністэрства аддае яшчэ на праверку, пад паліцэйскі нагляд, ды гэтак у канцы канцоў праходзіць і два гады, і ніяк гэты абыватэль ня можа дастаць пашпарту. Калі меў службу, дык яе страціў, бо не прадставіў гэнае бумажкі; калі гэта селянін, якому службы ня трэба, дык яшчэ папаў на зьдзекі паліцыі і, прашу Паноў, ніяк ня можа за 2—3 гады дастаць сваё „абыватэльства“.
Пераходжу да паліцыі. Тут, у гэтай Высокай Палаце, з гэтай Высокай Трыбуны мы раз чулі —ў адказ на адну з нашых сьпешных прапазіцыяў—завярэньні міністра ўнутраных спраў Солтана, што ён даў загад, што будзе рашуча і з усей сьвядомасьцяй караць за ўсе надужыцьці і ня будзе цярпець тых катаваньняў, якія былі пералічаны ў нашай сьпешнай прапазіцыі. Аднак, што-ж мы бачым? Вось факты, паўтараўшыяся яшчэ пасьля завярэньня п. міністра, і іх я пазволю сабе тут прывесьці.
У месяцы марцу 1923 году быў арыштаваны Трахім Русецкі, селянін з в. Залесьсе, Жыровіцкае гміны, Слонімскага пав., і прыведзены на пастарунак дзяржаўнае паліцыі ў Жыровіцах, дзе камандант паліцыі (Кендэрскі) і два паліцэйскія пачалі страшэнна катаваць яго. Зьдзекі над бязьвінным і мучэньне пачаліся ў 12 гадз. ночы. Сам камандант паліцыі наваліўся на галаву арыштаванаму і коўдрамі заглушаў яго крыкі, а тым часам другія паліцэйскія білі няшчаснага палкамі ў пяты аж да ўтраты ім прытомнасьці.
30 красавіка г. г. камандант пастарунку граничнае паліцыі ў вёсцы Мікалаеўшчыне, Сьвержанскае гміны, Стаўпецкага пав., сустрэўшы на вуліцы 14-летняга Антона Белага, сына жыхара гэтае-ж вёскі Лукаша Белага, завёў яго на пастарунак, гдзе зьбіў хлопчыка блізу да сьмерці. Нет ведама, чым бы скончылася праступнае катаваньне дзіцяці, калі-б не тутэйшая начная варта, якая прыйшла на пастарунак у часе мучэньня дзіцяці. Пасьля гэтага выпадку Антон Белы ня мог сваімі сіламі вярнуцца да хаты і павінен быў пасьля ў працягу цэлага тыдня ляжаць у ложку.
28 марца г. г. дзяржаўная паліцыя з м. Кузьніцы, Сакольскага пав., прыбыла ў вёску Залесін, Залесінскае гміны, і сьпісала пратакол у справе здарыўшаеся ў папярэднюю ноч кражы збожжа. Западозрыўшы ў кражы нялетняга Балеслава Кедыша, Уладыслава Сэбаст‘яновіча і Язэпа Ленкевіча, паліцыя загадала ім прыйсьці назаўтра ў 10 гадз. раніцы на пастарунак дзяржаўнае паліцыі ў Кузьніцы, каб нанова сьпісаць пратакол, бо ў вёсцы было за-шмат людзей. Калі закліканыя ў назначаны час прыйшлі на пастарунак, тут вось і распачалася, як заўсёды, „badanie“, — іх пачалі біць, катаваць, зьдзекавацца над імі, але аніяк не маглі з нявінных зрабіць вінаватых. Тады пачалі кожнага паіць праз нос вадой, якой кожын быў прымушаны выпіць гэтак па тры бутэлькі. А як і гэтае не памагло, пачалі страшэнна мучыць іх, б'ючы да паўсьмерці. Пасьля гэтага злачынства арыштаваных звольнілі.
Яшчэ адно. 5 красавіка г. г. у Нясьвіжы, Наваградзкага ваяводства, сэнатарам Назарэўскім у прысутнасьці п. Чудзіновіча, тав. пракурора акружнога суда ў Наваградку, былі ўстаноўлены гэткія беззаконьні і гвалты дзяржаўнае паліцыі. У Нясьвіжы пад арыштам знаходзіцца п. Лашчук, з вёскі Макашы, які быў арыштаваны дзяржаўнай паліцыяй з пастарунку ў Гарадзеі з прычыны падазрэньня ў кражы мукі. Арыштаваны сцьвердзіў, што пасьля заарыштаваньня 27 марца яго перавезьлі ў Нясьвіж, дзе вывядоўца Нітка пачаў яго страшэнна катаваць, прымушаючы прызнацца да віны. Біў яго па галаве, па твару, пасьля яму зьвязалі рукі, залажыўшы пад калены, уткнулі між рук і ног палку, кінулі на зямлю і пачалі біць палкай у пяты аж да бяспрытомнасьці. Усё гэта рабілася ў прысутнасьці трох паліцэйскіх. Знакі катаваньня, а іменна, што галава і ногі былі спухшы, можна было ўстанавіць навет 5 красавіка г. г.
Другі арыштаваны, Станіслаў Дрозд (вёска Кутоўшчына, Цырынскае гміны, Нясьвіскага пав.), знаходзіцца ў хірургічнай бальніцы ў Нясьвіжы. Западозрыўшы ў кражы мукі, яго арыштавалі з 1 на 2 марца, але звольнілі пад залог 10 мільёнаў марак, бо ня было дастатачных падстаў трымаць яго ў вязьніцы. 24 марца г. г. Станіслава Дразда ізноў арыштавалі і перавязьлі ў Нясьвіж, дзе вывядоўца „Нітка“ страшэнна мучыў яго ў працягу ўсяе ночы, ад 9 гадз. вечара аж да раніцы. Паліцэйскія № № 942 і 1802 і вывядоўца „Нітка“ білі арыштаванага па галаве, па твару, па бакох, вязалі яму рукі, закладалі пад калены, утыкалі палку між рук і ног, кідалі на зямлю і білі палкамі ў пяты аж да паўсьмерці. Калі катаваны ачухіваўся, яго прымушалі ўзяць на сябе віну. Ня маючы сілы далей церпець мукі, арыштаваны сказаў, што прызнаецца да кражы. (Голас на правіцы: Гэта казкі!). Не, ня казкі, а праўда! У сувязі з гэтым вывядоўца „Нітка“ 25 марца г. г. павёз арыштаванага Дразда ў вёску Краснагоркі, каб паказаў месца, дзе схаваны крадзеныя рэчы. Вярнуўшыся да хаты, Дрозд убачыў сваю хворую жану ў пасьцелі (другі дзень пасьля радзін); жонка блага сустрэла мужа за тое, што ўзяў на сябе вялікую ганьбу—кражу. Той, тлумачучы жаль, што ня мог далей церпець мукі, якія яму рабіла польская паліцыя, дайшоў да стану роспачы, каб пацьвярдзіць чыстасьць свайго суменьня, пачаў есьць тытун, ды, схапіўшы сякеру, адсек сабе тры пальцы на левай руцэ. Па ўсіх гэтых муках, цярпеньнях і перажываньнях Станіслаў Дрозд быў памешчаны ў бальніцы ў Нясьвіжы.
Вось, панове, якая „казка“! Калі Панове кажаце, што гэта казка, дык гэтым самым вы маральна адказываеце за гэтыя мучэньні! Калі кажаце, што гэта казка, дык прашу паехаць у Нясьвіж і паглядзець адсечаныя пальцы!
Я прывёў вам некалькі фактаў, але маю іх цэлыя кучы, ды ня прыводжу ўсіх, бо час маей прамовы абмяжованы. Калі-ж пацярпеўшыя ішлі да вышэйшае ўлады, дык маем факты, што катаваўшым народ і зьдзекаваўшымся над ім давалі вышэйшае становішча!
Што-ж было рабіць гэнаму чалавеку, калі ня меў здаваленьня, калі няма законнасьці? — а я цьверджу, што законнасьці на Усходніх Крэсах няма.
Калі-б гэта сталася са мной, то, прашу, паверце, што я-бы гэтае здаваленьне знайшоў: я-бы ўзяў рэвальвэр і пусьціў-бы кулю! Калі хочаце, каб народ сам сабе шукаў справядлівасьці, дык ён будзе шукаць яе сам і знойдзе яе! (Воплескі на беларускіх і ўкраінскіх лавах).
Тут мы часта чуем аб бандытызьме. Так, бандытызм цьвіце, істнуе і будзе істнаваць, бо
народ імсьціцца на паліцыі,
—аж пакуль Панове ня прыйдзеце і не пераменіце гэнае кіраўнічае лініі паступаньня з 1920 году ў аднасінах да тутэйшага народу, пакуль гэты народ ня будзе запраўды трахтаваны, як грамадзяне, а будзе трахтаваны, як грамадзяне трэцяга ці чацьвертага сорту. Нічога вам не паможа загад былага міністра Керніка аб павялічэньні паліцыі, не паможа пасыланьне коннае паліцыі і карацельных экспэдыцыяў. Цяпер
народ больш баіцца паліцыі, чым бандытаў,
бо бандыты забіраюць толькі маемасьць, але ня будуць катаваць, а паліцыя катуе і кідае на два, тры гады ў вязьніцу, дзе людзі сідзяць без суда, што можна сцьвердзіць. Істнуе толькі адзін рацыянальны спосаб на гэта: каб п. міністар вывяў паліцыю да апошняга чалавека і ўтварыў кадры паліцыі з тутэйшых людзей, якія будуць ведаць тутэйшыя аднасіны. Тады хаця мінімум будзе дапяты. Бо да нас паслана паліцыя з Усходняе Галічыны, і 75% яе—гэта падонкі грамадзянства, ды яны тутака і робяць гэную інквізіцыю. Прашу Паноў, калі паліцыя будзе набрана з тутэйшых людзей, дык ня будзе гэных інквізіцыяў, і яна будзе выпаўняць свае службовыя абавязкі ня горш за гэных з Галічыны, што прышлі на Усходнія Крэсы, каб нажыцца.
У маей прамове я павінен адзначыць яшчэ адну рэч, а іменна тое, што міністры ўнутраных спраў зьмяняюцца што два-тры месяцы, за тое ў Міністэрстве Унутраных Спраў гэная спарахнеўшая аўстрыяцкая бюракратыя ўсё сядзіць; і, пакуль яна будзе сядзець, пакуль ня знойдзецца ў Польшчы міністар унутраных спраў, які-б прыйшоў і зялезнай мятлой вымеў усё гэтае, дый даў доступ чыстаму паветру,—датуль тамака ня будзе ладу. Так, у гэтым міністэрстве трэба завясьці лад. Ужо п. міністар Солтан казаў нам, што ня будзе цярпець усіх надужыцьцяў,—тымчасам дагэтуль ня бачым ніякае паправы.
Міністэрства падало праект уставу аб самаўрадах. Гэта-ж скандал, каб сяньня ў дэмакратычнай дзяржаве, дзе Канстытуцыяй забясьпечана свабода, воля і роўнасьць,—каб адзін паляк быў варты чатырох Беларусаў! Гэта прост скандальныя рэчы, нязгодныя з канстытуцыяй Польскае Рэспублікі, таксама, як і ўся гэная спарахнеўшая аўстрыйская бюракратыя, якая адважылася падаць у Высокую Палату гэткі праект уставу аб самаўрадах!
Канчаючы маю прамову, адзначу, што мы хацелі-б бачыць на становішчы міністра ўнутраных спраў такога чалавека, які меў-бы сільную волю і адвагу і ўрэшце раз зрабіў-бы парадак, а тады ня было-бы падобных зьдзекаў.
Ня маючы даверыя да Міністэрства Унутраных Спраў, мы будзем галасаваць проці бюджэту.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…