Гісторыя Архівы

Рэзультаты выбараў у францускі Парлямэнт

Блёк лявіцы перамог на францускіх выбарах — 297 месцаў супраць 229 у нацыянальнага блёку. Урад Пуанкарэ сыходзіць, і на першы плян вылучаецца радыкал Гэррыо, прыхільнік паразуменьня з Расеяй.

Рэзультаты выбараў у францускі Парлямэнт

Ня гледзючы на страшэнна гарачую агітацыю, на аграмадныя сумы, кінутыя на выбарную работу лідэрамі „нацыянальнага блёку”, (у распараджэньні аднаго толькі лідэра франц. прамыслоўцаў сэнатара Вілье быў цэлы капітал у 60 мільёнаў франкаў!..), ня гледзючы на ўсе перавагі ўрадовай, пакуль што кіруючай, меўшай у сваім распараджэньні вялізарны апарат урадоўцаў, партыі, — ня гледзючы на ўсё гэта на францускіх выбарах урадовыя партыі праваліліся, а перамагла опозыцыя…

Як ня страшылі „народовыя” плякаты выбаршчыкаў — не галасаваць за „германафілаў”, якія сваей павольнасьцю адносна да немцаў быццам хочуць выклікаць новую вайну, народ зразумеў, з якога боку якраз ідзе пагроза новай вайны і аддаваў свае галасы опозыцыі…

Паводле дагэтуль атрыманых даных „нацыянальны блёк” здабыў 229 пасольскіх месцаў, „блёк лявіцы” — 297…

Няма яшчэ рэзультатаў галасаваньня ў калёніях і ў адным з паўночных дэпартамэнтаў. Але можна быць пэўным, што вялікай перамены ў лічбах ужо ня будзе.

У выніку гэткага паражэньня кабінэт п. Пуанкарэ 13 траўня пастанавіў падаць у адстаўку, пачакаўшы толькі да 1 чэрвеня, калі мае сабрацца новая палата.

Хто-ж будзе наступнікам Пуанкарэ?

Франц. прэса называе 2 кандыдатаў: Першы з іх — Бріан — папярэднік Пуанкарэ. Гэтага Бріана самы Пуанкарэ разам з прэзыд. Рэспублікі Мільеранам у канцы 1921 г. (ў часе Каннскай Канфэрэнцыі) зваліў тады за тое, што ён быццам быў залішне ўступчывым ангельск. прэм. Ллойд-Джорджу і зашмат лагодны да немцаў…

І вось той самы Бріан можа цяпер вярнуцца да ўлады — пасьля 3 гадоў панаваньня Пуанкарэ, які давёў францускую палітыку да поўнай кампраметацыі…

Але справа — ў тым, што цяпер ужо нават для Бріана абставіны непамысны, бо і яго калішні ангельскі партнёр — даўно ўжо ў адстаўцы, уступіўшы месца сацыялісту Мак-Дональду… Чуючы гэта, сам Бріан ужо ў часе выбарнай кампаніі заяўляў, што ня будзе шукаць прэм’ерства…

І вось высоўваецца другая, шмат больш яскравая асабістасьць, знаная з сваіх больш радыкальных сымпатыяў, адзін з першых палітычных дзеячоў Францыі, які зусім выразна паставіў мэту і зразумеў патрэбу паразуменьня з сучаснай Расеяй і першы „рызыкнуў” паехаць туды асабіста… Гэта лільскі дэпутат п. Гэррыо (Herriot).

Зразумела, што якраз такая палітычная фігура найлягчэй і найпрасьцей згаворыцца з ангельскім прэм’ерам, які, як бачым, пры ўсей сваей скромнасьці і лагоднасьці, пачаў іграць рашучую ролю ў эўрапэйскай палітыцы, у значнай меры зьбіўшы самаго Пуанкарэ…

Ня трэба забываць і таго, што франц. камуністы атрымалі 32 месцы, пры большасьці наогул левага блёку дае гэтай групе вельмі важную, часам рашучую ролю ў палаце…

Вось яшчэ адна прычына таго, што Бріан уступіў месца яркаму „радафілу” Гэррыо…

Чаго-ж можна чакаць ад гэтага новага ўкладу сіл у Эўропе, калі абедзьве найвялікшыя дзяржавы будуць ня ў „вайне”, як за гэтыя 3 гады, але ў паразуменьні, а да таго яшчэ — ў паразуменьні на шчыра мірнай і… можа ня зусім шчыра, але ўсё-ж такі неяк сацыялістычна ахварбаванай праграме, — аб гэтым пагаворым у наступны раз.

Але адно ўжо зусім ясна: таго галоўнага жалеза-бэтоннага слупа, на якім базавалася эўрапэйская рэакцыя, у асобе п. Пуанкарэ, больш ня будзе…

І, як бы мала мы ні верылі ў пануючы над намі гаспадарственны „розум”, але гэты факт — поўнага краху наймацнейшай вонкавай апоры гэтага нашага ўнутранага „неразумія”, павінен адбіцца, можа нават вельмі рашуча, і на нашым, у частцы — і на беларускім жыцьці…

Дык маймо моцную веру ў тое, што і час і ход гісторыі і розум падзей — за нас, і — проці нашых „паноў”.

Каментары