На прошлым тыдні у Слоніме адбыўся першы вялікі мітынг беларускіх паслоў. Вялікая заля Народнага Дому была перапоўнена народам, які, ня зьмесьціўшыся у залі, кругом аблягаў дом. Прамаўлялі Паслы Тарашкевіч, Рагуля і Валошын. Азнаёміўшы сход з праграмай беларускага пасольскага клюбу, яны расказалі, што цяпер дзеецца у сойме, аб чым там радзяць і гавораць. Народ, выслухаўчы справаздачы паслоў, прыняў такую рэзалюцыю:
Дамагаючыся скарэйшага правядзеньня зямельнай рэформы на аснове разьдзелу зямлі бяз выкупу і скасаваньня асадніцтва;
дамагаючыся родной беларускай школы;
дамагаючыся спыненьня бязпраўя і гвалтаў над праваслаўнай царквой;
дамагаючыся абніжэньня падаткаў;
дамагаючыся запраўднай помачы ў адбудове Краю;
дамагаючыся палягчэньня ў карыстаньні лясамі і пашай;
дамагаючыся роспуску сойму і вызначэньня новых выбараў;
дамагаючыся на беларускіх землях свайго права і сваіх парадкаў, парадкаў працоўнага народу,—
мы, прадстаўнікі розных валасьцей Слонімскага павету, сабраўшыся на сходзе ў ліку больш 1500 чалавек, пастанавілі пацьвярдзіць і падтрымаць праграму і работу беларускага Пасольскага Клюбу.
Пасьля сходу паслы прымалі ад сялян розныя скаргі і давалі ім рады.
Настрой сходу быў вельмі высокі. Прамоваў слухалі з энтузіязмам. Вясковыя дзяўчаты падалі паслом вялізарны букет, пераважна з чырвоных красак.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…