У ноч на 11 лістапада зьнішчальнікі НАТО, якія ахоўваюць паветраную прастору краінаў Балтыі, двойчы атакавалі бесьпілётнік над Літвой, але зьбіць яго не ўдалося. Пра гэта паведаміў кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы (NKVC) Вілмантас Віткаўскас. Ён назваў мінулую ноч адной з самых напружаных за апошні час.
Зьнішчальнікі былі паднятыя з авіябазы ў Шаўляі. Паводле Віткаўскаса, яны выявілі аб'ект, але зьбіць яго не ўдалося. Чаму спроба не ўдалася, па яго словах, павінны растлумачыць вайскоўцы.
Абломкі ракетаў, выпушчаных самалётамі, знайшлі ў Біржайскім раёне на поўначы Літвы, ля мяжы з Латвіяй. Паводле зьвестак літоўскіх уладаў, бесьпілётнік перасёк мяжу і апынуўся ў паветранай прасторы Латвіі.
Увечары 10 лістапада NKVC паведаміў пра мэту, якая рухалася з боку Беларусі. Спачатку Віткаўскас казаў, што, паводле папярэдніх зьвестак, гэта бесьпілётнік. Пры гэтым ён заявіў, што сказаць, дрон гэта ці іншы аб'ект, цяжка.
Паветраную трывогу чырвонага ўзроўню абвесьцілі ў Віленскім, Уценскім і Алітускім паветах. Праца аэрапортаў у Вільні і Коўне была часова абмежаваная. Мэр Вільні Валдас Бенкунскас заклікаў жыхароў праверыць наяўнасьць сховішчаў, а пры іх адсутнасьці шукаць больш бясьпечныя месцы, напрыклад у сутарэньнях. Уначы схавацца заклікалі і жыхароў Коўны і Паневежыса.
Каля 00:30, паводле NKVC, у Беларусі зноў выявілі невядомы дрон, які ішоў да літоўскай мяжы. Міністар абароны Літвы Робертас Каўнас заявіў, што армія сочыць за сытуацыяй.
Апрача дрона, радары Літвы зафіксавалі каля дзесяці аб'ектаў, падобных да паветраных шароў, на якіх кантрабандысты перавозяць цыгарэты празь мяжу. У нацыянальным цэнтры дапускаюць, што бесьпілётнік мог быць украінскім і ляцець у бок Расеі, але зьбіўся з курсу.
Каля 23:20 у Лудзенскім краі Латвіі абвесьцілі папярэджаньне аранжавага ўзроўню. Праз 20 хвілінаў папярэджаньне жоўтага ўзроўню абвесьцілі ў Аўгшдаугаўскім і Краслаўскім краях, а яшчэ празь 20 хвілінаў у Краслаўскім краі ўзровень павысілі да аранжавага. Падразьдзяленьні дронаў-перахопнікаў і супрацьпаветранай абароны прывялі ў гатоўнасьць.
Паводле Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, у паветраную прастору краіны ўварваліся тры бесьпілётныя апараты. Два зь іх на 1–2 хвіліны перасеклі ўсходнюю мяжу, адзін прайшоў па тэрыторыі Латвіі з поўдня на поўнач. Каля 00:20 узровень пагрозы панізілі да жоўтага, а ў 00:40 трывогу адмянілі.
Камунікацыйнае бюро Дзяржканцылярыі Эстоніі заявіла, што пранікненьне бесьпілётнікаў у паветраную прастору краінаў Балтыі наўпрост выцякае з паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
У верасьні 2026 году зьнішчальнікі НАТО ўжо зьбілі бесьпілётнік, які парушыў паветраную прастору Літвы.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…