У першым дзесяцілецьці панаваньня зьмёртвыхпаўстаўшай „дэмакратычнай“ Польшчы на нашых заходніх акраінах, у Сакольскім павеце Горадзеншчыны, быў (ці ёсьць, ня ведаю) Богам-царом на павятова-старастоўскім пасадзе п. Эйсмонт. Пан Эйсмонт, сын Сакольскага павету, як удалося мне чуць, някалісь меў пратэнсыю да імя Беларуса і датаго (ці пэўна, няведаю) быў сябрам адраджэнска-перадваеннага беларускага камітэту. Што гэта ўсё байкі, то ясна, як Божы дзень, бо польская прэса, памінаючы „czynu syna Ojczyzny“ і выхваляючы „arcydzieło“ п. Эйсмонта, як ініцыятара развалу праваслаўнае царквы ў Новым-Дварыі, дакладала выраз „polak“. Але не аб гэтым хачу я цяпер успомніць. Мне хочацца напісаць аб іншым „prawdziwie obywatelskim czynie“ п. Эйсмонта ў Сакольскім павеце.
На захадзе Сакольскага павету знаходзіцца мястэчка Сухаволя. Гэта тое слаўнае места, за якое спрачаліся два стаўбы навукі: праф. Карскі даказываў беларускасьць Сухаволі, а праф. J. Baudouin de Courtenay цягнуў слаўны горад на бок Польшчы. Каб заспакоіць цікавасьць паважаных чытачоў, адступлюся крыху ад тэмы і абвешчу, што справу спрэчкі выйграў наш прафэсар Карскі: асабіста зьезьдзіўшы да спрэчнага мястэчка, ў першых гадох XX сталецьця, ён даказаў сьвету адвечную і цяперашнюю беларускасьць Сухаволі.
Жыхар гэтага слаўнага мястэчка Сухаволі N хацеў на абшырным рынку мястэчка побач касьцёлу пабудаваць будыніну, у якой залажыў кнігарню. (Цяпер як чуваць, кнігарня служыць вялікай падмогай акалічным сялянам, якія замест цягацца за пяцьдзесят вярстоў да Горадні па кніжкі для дзяцей, без клопату маюць пад бокам кнігарню і, таксама, праз яе выпісываюць газэты). Каб дастаць ад павятовага старасты дазвол на пабудаваньне 10m² гмаху, трэба абавязкава „uchwały“ рады мястачковай. Тут уся задача. Рада Сухавольскага магістрату (думаю, што ўсюды таксама) складаецца з 12-цёх асоб, з якіх 6 хрысьціянаў і 6 жыдоў. Жыды-ж ня могуць галасаваць, аб дазволе на паўстаньне тарговай пляцоўкі ў руках хрысьціяніна, бо гэта—contra se, а да таго, цадык выганіць з сынагогі. (У Сухаволі жыды дужа набожныя). Радныя-ж хрысьціяне, ня гледзячы на пагрозы і выклінаньне ксяндза, згадзіліся на пабудаваньне кнігарні. (Сухавольскі ксёндз гандлюе рознымі сьвятымі рэчамі: крыжамі, ражанцамі, шкаплерамі рознага сорту і коляру, кніжкамі дзеля малітвы і іншымі штукамі, то баяўся, каб гэты жыхар не адабраў ад яго зарабатку, дзеля гэтага крычэў проціў будаваньня кнігарні). Нарэшці, найшоўся сярод жыдоў радны, якога цадык не пужаў і няпрыкметна кінуў голас—за, так, што выйшла за 7 галасоў, проціў 5. Кнігарня будуецца. Пан Эйсмонт ніяк ня змог памесьціць ў сваей галаве паступку раднага жыда. Бедны ня мог разьвязаць, як гэта — жыд галасаваў за хрысьціяніна? Запрасіў раднага жыда да Саколкі і адтуль хацеў яго жыўцом ў неба паслаць.
„Panie, pan dokonał prawdziwie obywatelskiego czynu, pan godzien chwały. Pan jesteś prawdsiwym polakiem“. Рэпытаваў дрыжучы п. Эйсмонт раднаму жыду.
* *
Ад часу паяўленьня на абліччы зямлі, Сухаволя ня мела так здольнага і толеранцыйнага праўдзівага джэнтэльмэна-бурмістра, якім быў (можа і цяпер ёсьць) п. Х. На дзьверах магістрату гадзіны урадаваньня напісаны былі у дзьвюх мовах: польскай і жыдоўскай. Спадзяюся, што першы п. Х ў ваусей Польшчы адважыўся на такі дужа пекны паступак, бо жыды Сухавольскія (маю на думцы старых жыдоў) па польску, як гаворыцца, ані гу-гу. Шрыфт-жа жыдоўскі быў ім вялікай палёгкай у паняцьці магістрапкага парадку. Нажаль, трывала гэта нядоўга. Прыйшоў час візытацыі Сухавольскага магістрату праз п. Эйсмонта. Калі нага п. старасты ступіла на парог магістрату, а вочы трапілі на дзьверы, дык вусны раптам загрымелі: „Co to jest? do cholery ciężkiej!“, рукі-ж п. старасты дзёрлі на кусочкі паперыну з „wrogim państwu nadpisem“.
„To był, prawdziwie obywatelski czyn p. starosty. Pan jesteś prawdziwym polakiem!“
Якую падзяку меў бурмістр, гэта ня нам ведаць.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…