Паслоў з Беларускага Клюбу да п. міністра ўнутраных спраў у справе разгону паліцыяй пасольскага справаздаўчага веча ў м. Даугінаве 8 мая 1924 г.
8 мая г. г. ў м. Даугінаве, Вялейскага пав., пасламі кс. Ад. Станкевічам і Ант. Аўсянікам было зарганізавана справаздаўчае веча. З прычыны таго, што тутэйшае насяленьне зьявілася на сход у вялікай лічбе,—было больш за 2.000 ўчасьнікаў,—веча распачалася на рынковым пляцу. У часе прамовы другога з чароду пасла, кс. А. Станкевіча, зьявілася пешая і конная паліцыя і распачала наступленьне на вёўшы сябе зусім спакойна народ, стараючыся разагнаць веча. Паліцыя, аружная вінтоўкамі і голымі шаблямі, пачала атакаваць грамаду людзей, якая, разумеючы зусім добра незаконнасьць паступкаў паліцыі, вельмі слушна дала адпор гэным выхадкам паліцыі і прымусіла яе ўшанаваць права вячуючых і адступіцца ад імкненьня да разгону веча.
Пасьля, пры выясьненьні гэткага паступку паліцыі, аказалася, што даўгінаўская паліцыя загад разьвязаць веча мела ад п. вялейскага старосты, п. староста—ад п. дэлегата ўраду ў Вільні, які, даючы адпаведны загад, быццам-то апіраўся на істнуючым цыркуляры міністэрства ўнутраных спраў, якім забараняюцца пасольскія вечы пад адкрытым небам.
Дзеля гэтага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. міністра: 1) ці запраўды міністэрства ўнутраных спраў выдала цыркуляр, забараняючы справаздаўчыя пасольскія вечы? 2) калі так, дык на якой падставе міністэрства выдала гэты цыркуляр?
Варшава, 5 чэрвеня 1924 г.
Каментары
Каб пакінуць каментар, увайдзіце праз Telegram
Скануйце QR або адкрыйце Telegram:
Адкрыць у TelegramЧакаем пацьверджаньня…