Гісторыя Архівы

Пісьмо Старшыні Пасольскага Клюбу да Ваеннага Міністра пра рабункі ўланаў

Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу перадае міністру скаргу жыхароў вёскі Кучкуны. Польскія ўланы, што стаяць там, рабуюць хаты і пастоі, ідуць у гаспадарку, а староста не рэагуе. Ён просіць спыніць рабункі і пакараць вінаватых.

Пісьмо Старшыні Пасольскага Клюбу да Ваеннага Міністра пра рабункі ўланаў

Старшыні Беларускага Пасольскага Клюбу да п. Ваеннага Міністра.

Варшава, 17.VI. 1924 г.

Да Пана Міністра Вайсковых Спраў у мейсцу,

Беларускі Пасольскі Клюб атрымаў сягоньня пададаньне гэткага зьместу:

„Паўтара тыдня таму назад у нашу вёску прыехалі польскія уланы ў лічбе 53. На чале іх стаіць паручык. У першы мамэнт па прыезьдзе яны пачалі рабаваць, што папала. Рабуюць усё, што пападае; калі-ж нешта ім непатрэбна, дык нішчаць не шкадуючы. У начы забараняюць жыхарам выходзіць з хат. А тымчасам самі зрываюць стрэхі з дамоў, выламываюць дзьверы, уламываюцца ў пуні і хаты, ды рабуюць усялякую ядоміну, вопратку, бяруць жывы і мёртвы інвэнтар, у начы выдоіваюць кароў. А ў дзень выкашываюць пожні і пастэўныя травы на палёх, ды ўсё награбленае адсылаюць некуды на сваіх падводах. На палёх па збожжу пасьвяць сваіх каней; пры наймен­шай патрэбе бяруць нашых каней дзеля выезду, не шкадуючы навет 2-летніх жарабят. Гэтак заганяюць нам і псуюць коні. Калі гаспадар просіць пашкадаваць маладога ці худога коніка, дык яго бязьлітасна б‘юць.

„Мы зьвярнуліся аб помач да староства. Староста адказаў на нашу просьбу: „Вам гэта належыцца“!

„Такія самыя рабункі, апрача нашае вёскі, робяцца таксама ў вёсках: Ячнае, Ябланоўка, Мікалаеўшчына, Русаковічы і Оццэда, але ў апошняй, дзякуючы таму, што тамака пераважаюць каталікі, ксёндз зьвярнуўся да старосты, які сказаў: „To jest nasza krew!“, і рабункі ўразжа спыніліся. А мы асталіся безбароннымі і ў некалькі дзён утраціліў ўсё, што мелі; астануцца толькі голыя сьцены дамоў, калі і іх ня спаляць, як ужо ня будзе больш што рабаваць.

„Дзеля гэтага молім аб помачы і заступніцтве як найхутчэй у Варшаве і на месцы.

„Упаўнамочаныя жыхары вёскі Кучкуны:

(—) подпісы.“

Вёска Кучкуны, 16 чэрвеня 1924 г.

Падаючы вышэйшае да ведама Пана Міністра, просім выдаць уразжа загад, каб былі спынены рабункі, і цяжка пакараць вінавайцаў. Аб учыненых кроках просім нас паведаміць.

(—) Б. Рагуля.

Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу, Пасол на Сойм.

Каментары